Стала вядома, хто прыйшоў на месца Бабарыкі ў "Белгазпрамбанк"
"Белгазпрамбанкам" стала кіраваць новае праўленне. Яно сфармаванае з дзеючых супрацоўнікаў банка, паведамляецца на сайце ўстановы.
Выканаўцам абавязкаў старшыні праўлення стара намесніца старшыні праўлення Ірына Патапава.
У склад праўлення ўвайшлі выканаўчы дырэктар Таццяна Аўраменка, начальнік упраўлення фінансавых інстытутаў Ірына Антонава, дырэктар дэпартамента карпаратыўнага бізнесу Аляксандр Важдаеў, дырэктар дэпартамента рознічнага бізнесу Канстанцін Кір'янаў, выканаўчы дырэктар Уладзімір Караткевіч, намеснік старшыні праўлення Аляксандр Сотнікаў.
Як распавядала Еўрарадыё, часовая адміністрацыя па кіраванні банкам завяршыла сваю працу 10 снежня. Яна кіравала банкам з 15 чэрвеня пасля ператрусаў у гэтай установе. Кіравала часовай адміністрацыяй экс-старшыня Нацбанка Надзея Ермакова.
Праблемы ў "Белгазпрамбанка" пачаліся пасля таго, як экс-старшыня праўлення Віктар Бабарыка абвясціў пра свой намер ісці на прэзідэнцкія выбары. Многія супрацоўнікі банка прынялі ўдзел у яго выбарчай кампаніі. Аднак кандыдатам у прэзідэнты Бабарыку так і не зарэгістравалі: з сярэдзіны чэрвеня ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.