Стала вядома, калі могуць быць гатовыя візавыя пагадненні ЕС і Беларусі
Дакументы аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі паміж Еўрасаюзам і Беларуссю могуць падрыхтаваць да канца года.
Пра гэта заявіла ў інтэрв'ю БелаПАН кіраўніца прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Майра Мора.
Яна нагадала, што перамовы ўжо пачаліся: першая сустрэча прайшла ў Брусэлі, другая прызначаная на сакавік і мусіць прайсці ў Мінску. "Трэба разумець, што гэта даволі працяглы працэс. Але і з боку ЕС, і з беларускага боку ёсць жаданне прыйсці да выніку. Я настроеная аптымістычна", — сказала спадарыня Мора.
Кіраўніца прадстаўніцтва ЕС у Беларусі адзначыла, што пасля заключэння візавага пагаднення для беларусаў будзе зніжаны кошт шэнгенскіх візаў. Паводле яе словаў, беларусам выдаецца адна з найбольшых колькасцяў шэнгенскіх візаў у свеце пры вельмі малым ліку адмоваў.
На дадзены момант Беларусь з'яўляецца адзінай краінай "Усходняга партнёрства", грамадзяне якой вымушаныя плаціць за шэнгенскую візу не 35, а 60 еўра.
Фота — Fotolia