Стала вядома, колькі ў БДУ адлічылі і звольнілі за палітыку ў 2020-2023 гадах
Андрэй Кароль займае пасаду рэктара БДУ з 2017 года
Стала вядома, колькі чалавек у БДУ трапіла пад рэпрэсіі ў 2020-2023 гадах. Як паведамляюць кіберпартызаны, было адлічана 140 студэнтаў (усе, акрамя аднаго чалавека, з'яўляюцца грамадзянамі Беларусі) і звольнена 50 выкладчыкаў (яшчэ 2 атрымалі заўвагі, а 3 — вымовы). Пра гэта кіраўніцтва БДУ паведамляе ў лісце пракурору Маскоўскага раёна Мінска. Падкрэсліваецца, што гэтыя людзі ўдзельнічалі ў "несакцыянаваных масавых мерапрыемствах" — у мірных пратэстах, за ўдзел у якіх рэктар Андрэй Кароль у відэазвароце ў жніўні 2020-га абяцаў нікога не караць.
Кіберпартызаны адзначаюць, што "гэтыя лічбы не адлюстроўваюць поўнай карціны палітычных рэпрэсій ва ўніверсітэце". Нашмат больш выкладчыкаў прымусілі звольніцца "па пагадненні бакоў". З 2020-га толькі за два гады сышло каля 450 чалавек.
А яшчэ кіберпартызаны здабылі аўдыёзапіс рэктара Караля, у якім ён кажа, што ў 2020-2023 гадах пад "палітычную чыстку" ў БДУ трапіла не менш за 500 работнікаў (у ВНУ працуе каля 3 тысяч чалавек).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.