Стала вядома пра яшчэ аднаго ўраджэнца Беларусі, які загінуў ва Украіне

Яўген Логінаў "Мальдэр" / Instagram, @_ruslandavid
Яўген Логінаў "Мальдэр" / Instagram, @_ruslandavid

Стала вядома, што ва Украіне загінуў яшчэ адзін ураджэнец Беларусі. Гэта Яўген Логінаў— удзельнік абароны Марыупаля.

Пра яго гераічнае змаганне расказаў баец палка "Азоў" Руслан "Давід", якога называюць легендай баёў за "Азоўсталь", піша "Наша Ніва". Паводле "Давіда", беларус Яўген Аляксандравіч Логінаў з пазыўным "Мальдэр" загінуў 5 траўня 2022 года каля "Азоўсталі".

"Ён нарадзіўся ў Беларусі, але ў дзяцінстве з бацькамі пераехаў у Мікалаеў. Ён быў фізічна развіты, заўсёды займаў першыя месцы па плаванні. Цяжка знайсці больш добрага і выхаванага чалавека. Браў удзел у гарадскіх баях у Марыупалі, ніколі не баяўся ворага і заўжды быў першым добраахвотнікам на любыя небяспечныя заданні. Адбіць пазіцыю — ён першы падымае руку, патрэбныя добраахвотнікі, каб дапамагчы суседнім атрадам, — ​​Мальдэр зноў ахвотны. Ён заўсёды рваўся ў бой і заўсёды выходзіў сухім з жорсткіх агнявых кантактаў і паядынкаў", — піша Руслан "Давід" пра свайго пабраціма.

Па яго словах, 5 траўня на завод зайшла вялікая група расійскіх спецназаўцаў. Яны ўзялі ў палон некалькіх украінскіх байцоў, якія падказалі, дзе хаваюцца абаронцы "Азоўсталі".

"Спачатку аднаму з нашых байцоў кінулі пад ногі гранату, завязаўся бой. Мальдэр адкрыў агонь, перастрэльваўся з нападнікамі, але варожая куля трапіла яму ў сонную артэрыю", — расказвае пра бой "Давід".

Украінскі баец кажа, што Яўген "Мальдэр" не шукаў публічнасці, узнагарод ці ўласнай выгады: "Ён быў смелы, і такіх людзей у Марыупалі было не так шмат. Ён адчуў на сабе ўвесь цяжар сапраўднай вайны і гарадскіх баёў. Бязмежная табе павага, Мальдэр".

За час шырокамаштабнай расійскай агрэсіі на пачатку 2022 года гэта ўжо як мінімум 20-ы беларус, які аддаў жыццё за незалежнасць Украіны і Беларусі на ўкраінскай зямлі.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі