Стала вядома, за што затрымалі Аксану Зарэцкую
Аксана Зарэцкая / фота з сацсетак
Аксану Зарэцкую затрымалі на спектаклі "Белы трус, Чырвоны трус", паведамляе"Наша Ніва". Зарэцкая разам з гледачамі глядзела запісаную пастаноўку, у якой была запрошанай акторкай. Гэта быў яе першы акторскі вопыт.
"Белы трус, Чырвоны трус" — эксперыментальная пастаноўка. Згодна з ідэяй драматурга, адзіны актор бачыць тэкст ужо на сцэне. Гэтую п'есу такім чынам ставілі ў многіх краінах. У Беларусі спектакль планавалі паказаць з трыма рознымі выканаўцамі: Аксанай Зарэцкай, Дзянісам Дудзінскім і Аляксандрам Ждановічам. Але прэм'еру пастаянна пераносілі, у выніку спектакль з Зарэцкай вырашылі запісаць і паказаць відэаверсію.
Праз 10 хвілін пасля пачатку паказу ў залу ўвайшлі сілавікі. Яны затрымалі Зарэцкую і яшчэ каля 20 гледачоў.
"Паводзілі сябе карэктна. Тварам у падлогу не клалі. Ды і нязручна паненак на шпільках тварам у падлогу", — цытуе "Наша Ніва" відавочцу падзей.
Усіх затрыманых адвезлі ў Цэнтральнае РУУС. Аксану Зарэцкую і яшчэ некалькіх чалавек — бацькоў непаўналетніх дзяцей — адпусцілі. Астатніх затрымалі да суда.
Іншая крыніца выдання расказала, што ў пратаколе, складзеным на Аксану Зарэцкую, напісана, што яна лаялася, рвала вопратку на міліцыянце, а таксама ўпіралася нагамі. Нагадаем, што сябра асноўнага складу Каардынацыйнай рады Аксана Зарэцкая з'яўляецца спецыялісткай па этыкеце.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.