Стала вядома, за што затрымалі ксяндза з Мёрскага раёна
Вячаслаў Адамовіч / catholic.by
Пробашч парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі ў аграгарадку Ідолта (гэта ў Мёрскім раёне Віцебскай вобласці) Вячаслаў Адамовіч быў арыштаваны на сем сутак. Такую пастанову яшчэ ў канцы траўня вынес мясцовы райсуд, але сама пастанова была апублікаваная толькі цяпер, піша рэсурс "Хрысціянская візія".
Згодна з гэтай пастановай, у справе фігуравалі два артыкулы КоАП — святара абвінавачвалі ў "распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў" і "ўдзеле ў масавых мерапрыемствах". "Падставы" знайшлі ў сацсетках ксяндза. Ён быў падпісаны на групу і старонку, якія беларуская ўлада лічыць "экстрэмісцкімі матэрыяламі". А ў стужцы іншай сацсеткі сілавікам не спадабалася выява бел-чырвона-белага сцяга з гербам "Пагоня".
Нагадаем, пра затрыманне Адамовіча стала вядома 25 траўня. Тады ж у Віцебскай вобласці былі затрыманыя яшчэ двое святароў — ксёндз Андрэй Кулік, пробашч парафіі ў Мёрах, і грэка-каталіцкі святар Аляксандр Шаўцоў з Полацка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.