Сталі вядомыя падрабязнасці візіту ў Пхеньян намесніка кіраўніка МЗС Беларусі
Беларуская дэлегацыя ў Пхеньяне
З'явіліся падрабязнасці сустрэч і перамоў у Пхеньяне намесніка міністра замежных спраў Беларусі Яўгена Шастакова. Пра паездку стала вядома днямі з паведамлення Цэнтральнага тэлеграфнага агенцтва КНДР (ЦТАК). Беларускае МЗС гэтага візіту не анансавала і пакуль не асвятляе.
ЦТАК паведамляе, што ўчора прайшлі перамовы Шастакова і намесніка міністра замежных спраў КНДР Ім Чхон Іля. "У адпаведнасці з патрабаваннямі зменлівай эпохі яны дамовіліся ўмацоўваць кантакты на высокім узроўні і ўзаемныя візіты, а таксама актывізаваць супрацоўніцтва ў эканамічным і культурным сектарах", — гаворыцца ў афіцыйным паведамленні. Беларусь і КНДР таксама збіраюцца падтрымліваць адна адну на міжнароднай арэне.
Нагадаем, мінулай восенню Аляксандр Лукашэнка прапанаваў прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну падумаць пра "супрацоўніцтва на траіх" з Пхеньянам. Заява прагучала пасля візіту ў Расію кіраўніка КНДР Кім Чэн Ына. "Ведаю, што цікавасць вялізная ў карэйцаў да вас. Я думаю, кавалак працы і Беларусі там знойдзецца. З улікам наяўных праблем", — заявіў тады Лукашэнка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.