Старэйшы сын старшыні Віцебскага гарвыканкама асуджаны на 10 сутак
Суд у Старых Дарогах асудзіў Вадзіміра Заранкіна на 10 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. У гэты тэрмін залічаць двое сутак, якія Заранкін правёў у Жодзінскім ізалятары пасля затрымання.
32-гадовы Вадзімір Заранкін — старэйшы сын старшыні Віцебскага гарвыканкама. 12 кастрычніка яго затрымалі каля гандлёвага цэнтра "Рыга" ў Мінску.
Яго малодшы брат Філіп у верасні быў пакараны арыштам з ўдзел у маршы супраць таемнай інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі. Абодва браты падтрымліваюць пратэсты.
Вадзіміра затрымалі каля ГЦ "Рыга", куды ён прыехаў па пакупкі. У яго аўтамабілі разілі шкло, а самога Заранкіна выцягнулі з машыны. Яго даставілі ў ізалятар Жодзіна, дзе праз двое сутак прайшоў суд пад старшынствам суддзі са Старых Дарог. На пасяджэнне не выклікалі адваката Заранкіна, хаця хлопец падаваў адпаведнае хадайніцтва, таму суддзя перанесла разгляд справы. Вадзімір быў адпушчаны пад падпіску аб яўцы.
"12 снежня сканчаўся тэрмін адміністрацыйнага працэсу, судзілі пад самы канец тэрміну. Логіка казала, што могуць штраф даць. У прынцыпе, такі зыход [прысуджэнне сутак] таксама лічыў дапушчальным, але менш магчымым. Куды адправяць — не ведаю. Арыштаваць могуць у любы момант. Але ў Старых Дарогах [там праходзіў суд] учора не сталі", — распавёў Вадзімір у каментары Еўрарадыё.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.