Старшыня Дзяржкантролю пагражае арыштамі ў Міністэрстве ЖКГ
Некаторых чыноўнікаў Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі бліжэйшым часам могуць затрымаць. Пра гэта журналістам 4 красавіка заявіў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Леанід Анфімаў.
"У самім міністэрстве пакуль не было затрыманняў, але будуць", — цытуе БЕЛТА словы чыноўніка. Анфімаў паведаміў, што цяпер затрыманыя 7 чалавек — чыноўнікі у сферы ЖКГ мясцовага ўзроўню. Сярод іншага іх вінавацяць у перавышэнні ўлады.
Раней паведамлялася, што Дэпартамент фінасавых расследаванняў пачаў больш за два дзясяткі крымінальных справаў у сферы ЖКГ. Цяпер, па словах Анфімава, некалькі крымінальных спраў расследуе Следчы камітэт, а іншая частка пакуль знаходзіцца ў стадыі папярэдняга расследавання ў ДФР.