Старшыня КДБ: "шпіёнскую справу" Гайдукова разгледзяць у закрытым рэжыме
Валерый Вакульчык перакананы, што пасля агучвання прысуду абаронцы Гайдукова зменяць сваё меркаванне.
"Ён не паспеў здзейсніць злачынства, быў своечасова выяўлены, але гэта была, як мы кажам, класіка — ўсё было зроблена чыста", — цытуе словы старшыні КДБ "Интерфакс-Запад".
Вакульчык удакладніў, што абвінавачанне Гайдукову не мянялася.
Нагадаем, моладзевы апазіцыйны дзеяч з Наваполацку Андрэй Гайдукоў быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ у Віцебску ў лістападзе 2012 года. Амаль адразу яго абвінавацілі ў шпіянажы на карысць замежнай выведкі. Падрабязнасці справы дагэтуль невядомыя. Родныя і паплечнікі Гайдукова перакананыя, што яго затрыманне звязанае з апазіцыйнымі поглядамі юнака. Праваабаронцы больш асцярожныя ў высновах, але таксама патрабуюць рассакрэчвання акалічнасцяў справы і адкрытага працэсу.