Старшыня КДК: Плата за паслугі ЖКГ сёлета павышацца не будзе
Да канца года плата за паслугі ЖКГ павышацца не будзе. Пра гэта старшыня Камітэта дзяржкантролю Леанід Анфімаў заявіў у праграме "Контуры", якая выйшла на тэлеканале АНТ увечары 30 ліпеня.
Па словах Анфімава, гэта быў адказ Лукашэнкі на патрабаванне Міжнароднага валютнага фонду: "Да канца гэтага года сапраўды не будзе павышэння тарыфаў. Гэта з'явілася такім каменем сутыкнення ў перамовах з Міжнародным валютным фондам, калі прэзідэнт жорстка паставіў заслон на шляху патрабаванняў (не зусім абгрунтаваных, я лічу як эканаміст) міжнародных фінансавых арганізацый па максімальным павышэнні тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі".
На думку старшыні КДК, павышэнне тарыфаў на камунальныя паслугі сталі б адыходам ад сацыяльнай палітыкі, якую праводзіць беларуская дзяржава і якую абяцалі людзям.
У наступным годзе, па словах Анфімава, можна чакаць традыцыйнага павышэння платы за жыллёва-камунальныя паслугі ў рамках 5 долараў, як і ў папряэднія гады. У 2018-м, заявіў чыноўнік, з улікам павышэння на гэтыя 5 долараў атрымаецца павысіць узровень акупнасці да 100% па ўсіх відах паслуг, акрамя цеплазабеспячэння.