Старшыня Савета нацбяспекі Арменіі: Мы б хацелі абмеркаваць набыццё “Паланэзаў"

Старшыня Савета нацбяспекі Арменіі: Мы б хацелі абмеркаваць набыццё “Паланэзаў"

Пасля таго, як Беларусь прадала Азербайджану свае сістэмы залпавага агню “Паланэз”, Арменія заключыла кантракт на пакупку ўзбраення з Расіяй на 100 мільёнаў долараў. Але не выключае магчымасці набыцця і беларускіх “Паланэзаў”. Пра гэта заявіў старшыня Савета нацыянальнай бяспекі Арменіі Армэн Грыгаран.

“Пакуль у асноўным планы па ўзбраеннях у нас з Расіяй, але мы можам абмяркоўваць і гэты варыянт. Тут адно: калі мы набываем узбраенне ў іншых краін, то ўзнікаюць некалькі праблемных момантаў. Першы ў тым, што ў нас ваенная інфраструктура звязаная з Расіяй. Другі: калі гэта ўзбраенне потым стаіць у Нагорным Карабаху, то для нашых партнёраў гэта з’яўляецца праблемай”, — кажа Грыгаран.

Пра тое, што Беларусь прадала Азербайджану сістэмы залпавага агню “Паланэз”, стала вядома ў чэрвені, калі прэзідэнт Ільхам Аліеў браў удзел у адкрыцці вайсковай часці ракетных войскаў Азербайджана. На фота з мерапрыемства трапілі і беларускія “Паланэзы”. У той жа дзень намеснік міністра замежных спраў Арменіі Рубэн Рубінян заявіў: “Шкада, што Беларусь, сяброўская нам краіна, прадае ўзбраенне краіне, якая мае з намі канфлікт”.

Па словах Грыгарана, цяпер і МЗС, і Савет нацбяспекі Арменіі працуюць над тым, каб Беларусь адмовілася ад продажу ўзбраення Азербайджану. Гэтае пытанне, сярод іншага, абмяркоўвалася і на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з новым лідарам Арменіі Ніколам Пашынянам. Праўда, жаданага для Ерэвана выніку ні гэтая размова двух лідараў, ні намаганні МЗС і СНБ Арменіі не мелі.

“Я не думаю, што можна адзін раз сустрэцца і вырашыць такую праблему. Мы — і Пашынян, і я — зараз шмат над гэтым працуем. Усе нашыя чыноўнікі са сваімі беларускімі калегамі абмяркоўваюць гэтую сітуацыю. І я думаю, што праз пэўны час мы прыйдзем да таго, што больш такіх продажаў не будзе”, — мяркуе Грыгаран.

Ніякіх зменаў ў знешней палітыцы новае кіраўніцтва Арменіі праводзіць не будзе. “Будзем прытрымліваецца таго ж курсу, які праводзіла наша краіна апошнія 24 гады”, — заяўляе старшыня Савета нацыянальнай бяспекі Арменіі Армэн Грыгаран.

Тьым не менш выходзіць з АДКБ, сябрамі якога з’яўляюцца і Беларусь, і Арменія, афіцыйны Ерэван не збіраецца, кажа старшыня Савета нацбяспекі. Па яго словах, змены будуць толькі ва ўнутранай палітыцы. Да прыкладу, калі казаць пра палітыку бяспекі, то калі раней кіраўніцтва Арменіі заяўляла, што іх краіна праводзіць абарончую палітыку, то цяпер гэтая абарончая палітыка становіцца актыўнай. Гэта азначае, што зараз у выпадку набліжэння ваеннай пагрозы Арменія будзе прымаць “прэвентыўныя крокі”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі