Старшыня Следчага камітэта наведаў "Гродна Азот", дзе здарылася аварыя

Старшыня Следчага камітэта наведаў "Гродна Азот", дзе здарылася аварыя

7 чэрвеня старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч наведаў прадпрыемства "Гродна Азот", дзе напярэдадні адбылася аварыя. Як паведамлялася, пры здарэнні загінулі два рабочыя, чатырох чалавек давялося шпіталізаваць.

Следчы камітэт пачаў крымінальную справу па факце аварыі. Справа пачатая паводле артыкула 428 Крымінальнага кодэксу — службовая халатнасць.

Кіраўнік ведамства паведаміў, што цяпер гродзенцам няма прычынаў баяцца экалагічнай катастрофы. "У першую чаргу, я хацеў бы супакоіць жыхароў Гродзеншчыны — дзякуючы аператыўным і ўмелым дзеянням супрацоўнікаў МНС здарэнне было хутка лакалізаванае. У цяперашні час экалагічны фон на тэрыторыі прадпрыемства і, тым больш, у горадзе абсалютна нармальны, перавышэння канцэнтрацыі небяспечных рэчываў няма", — перадае прэс-служба Следчага камітэта словы Наскевіча.

Генерал-маёр юстыцыі паабяцаў, што будуць высветленыя прычыны і ўсе акалічнасці надзвычайнага здарэння, дзеянні службовых асоб і непасрэдных выканаўцаў работ атрымаюць юрыдычную ацэнку.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі