Старыкевіч: Журналістыка ператвараецца ў інфармацыйны фаст-фуд
Прапаганда ў нашым грамадстве – як праўладная, так і апазіцыйная –запатрабаваная часам больш, чым незалежная інфармацыя, а наша журналістыка амаль не развіваецц
Еўрарадыё: Зусім хутка адбудуцца прэзідэнцкія выбары. Давайце
пагаворым пра медыя-сітуацыю напярэдадні. Апошнім часам у сферы
журналістыкі ў нас нібыта адбываецца нейкая лібералізацыя… Чым сітуацыя
сёння адрозніваецца ад той, якая склалася падчас мінулых выбараў?
Аляксандр Старыкевіч:
У пытанні вы кажаце, што лібералізацыя адбываецца. І ў мяне тады
сустрэчнае пытанне – а ў чым яна адбываецца датычна сродкаў масавай
інфармацыі?
Вярнулі ў сістэму распаўсюджання “Народную Волю” і “Нашу Ніву”, дазволілі продаж у шапіках…
Аляксандр Старыкевіч: Шчыра
кажучы, мне не падаецца, што ў галіне сродкаў масавай інфармацыі ёсць
нейкая істотная лібералізацыя. Цалкам вытлумачальна, чаму пазіцыя
дзяржавы застаецца такой жорсткай менавіта датычна СМІ – незалежныя
газеты, радыёстанцыі, інтэрнэт-сайты разглядаюцца цяперашняй уладай як
найбольш сур'ёзная небяспека, большая, чым палітычная апазіцыя.
Таму
тыя кропкавыя захады, якія маглі б сведчыць пра паляпшэнне застаюцца
толькі кропкавымі. Так, "Нашу Ніву" і "Народную Волю" вярнулі ў шапікі,
дазволілі распаўсюджвацца праз Белпошту. Аднак адносна больш чым
дзясятка іншых выданняў гэтая праблема не вырашаная.
Ці
не дарэмна ўвогуле дзяржава баіцца незалежных СМІ і цісне на
журналістаў? Магчыма, яны бяскрыўдныя, таксама як і наша апазіцыя?
Аляксандр Старыкевіч: Я
мяркую, што менавіта з логікі дзеяння дзяржавы, яна баіцца не дарэмна. У
кожнай нармальнай дзяржаве незалежныя СМІ з усімі іх плюсамі і мінусамі
ўспрымаюцца як абсалютна легальны і правамоцны інстытут.
Зразумела,
што тут для кожнай улады ёсць шмат непажаданых рэчаў, якія яна
атрымлівае ад журналістаў. Аднак усё адно гэта тое, што існуе ў
дэмакратычных краінах, і нават не абмяркоўваецца.
Што тычыцца
нашай сітуацыі, то як пачалося з сярэдзіны 1990-х зацісканне гаек у
галіне СМІ, так і працягваецца. Беларуская незалежная прэса
прадэманстравала выключную жыццяздольнасць – за гэтыя 15 гадоў нас
пляжылі-пляжылі, але недапляжылі.
Зразумела, нельга казаць пра
тое, што сёння мы маем найвялікшыя наклады, аўдыторыю, карыстаемся
надзвычайным уплывам. Але калі б умовы былі роўнымі, уплыў незалежных
СМІ на грамадства быў бы значна вышэйшым. Як раз таму ўлада і не дае
магчымасці незалежным газетам, сайтам, радыёстанцыям, а тым больш
тэлеканалам развівацца. Тыя, хто існуе, мусяць думаць толькі пра тое,
каб выжыць.
Але магчыма, гэта ідзе на карысць журналістыцы?
Гэта як з рок-музыкай, якая найлепш развіваецца ў падполлі. Калі ёсць
усе ўмовы для развіцця, рок перастае быць рокам... Магчыма, гэта і не
дрэнна, што ў нас цяпер склаліся такія ўмовы для незалежнай
журналістыкі, затое яна будзе больш якаснай?
Аляксандр Старыкевіч: Дрэнна.
Тая журналістыка, што ёсць сёння, мае шмат плюсаў, але ў той жа час, і
шмат мінусаў. Якраз журналістыка ў Беларусі апошнім часам амаль не
развіваецца. Мы не разглядаем тут сродкі масавай прапаганды, бо гэта
прынцыпова іншае…
А незалежныя СМІ звычайна маюць вельмі
складаную эканамічную сітуацыю. Лічаныя рэдакцыі незалежных СМІ ў
Беларусі ўкамплектаваныя так, як гэта мусіць быць. А ў большасці
выпадкаў, там дзе мусіць працаваць 5 чалавек, працуе адзін. І
натуральна, што якасць журналістыкі, магчымасць грунтоўна рыхтаваць тыя
ці іншыя сур'ёзныя артыкулы, значна памяншаецца.
Журналістыка
ператвараецца ў своеасаблівы інфармацыйны фаст-фуд. Гэта праблема
тычыцца не толькі Беларусі – гэта агульнасусветная тэндэнцыя. Аднак у
нас яшчэ і якасць гэтага фаст-фуду кульгае, бо зусім нестае рэсурсаў.
Вы
можаце на нейкім энтузіязме давесці свой сродак масавай інфармацыі да
пэўнага ўзроўню. Але без бензіну вы ўжо далей не паедзеце, а яго альбо
зусім няма, альбо вельмі моцна нестае. Таму сёння, на жаль, незалежныя
СМІ больш страчваюць, чым набываюць ад гэтага ціску. У разумных умовах
нашы газеты, сайты і радыёстанцыі былі б значна цікавейшыя, больш
канкурэнтаздольныя, чым калі яны мусяць думаць пра ўласнае выжыванне і
як ухіліцца ад чарговага ўдару з боку ўлады.
Наколькі яшчэ ёсць рэсурсы у незалежнай журналістыкі, каб існаваць і развівацца ў такіх умовах?
Аляксандр Старыкевіч: Незалежная журналістыка будзе існаваць і ў
такіх умовах, і нават у горшых. Іншая справа, якія канкрэтна СМІ
выжывуць, а якія не вытрымаюць ціску на нейкім этапе. Але незалежныя СМІ
ў тым ці іншым выглядзе будуць заўсёды, нават калі тут усталюецца
Паўночная Карэя, чаго, я спадзяюся, не будзе.
Рэсурсу менавіта
для развіцця сёння амаль няма. Калі мы кажам пра "агульную тэмпературу
па шпіталі", у лепшым выпадку, можна захоўваць той узровень, які ёсць.
Зразумела, што некаторыя СМІ будуць паляпшаць сваю якасць, нейкія
наадварот будуць паціху дэградаваць.
У нас ёсць дзяржаўныя і
недзяржаўныя СМІ. А журналістыка ў нас таксама – дзяржаўная і
недзяржаўная? Або гэта толькі пра прэсу так можна казаць?
Аляксандр Старыкевіч: Я
б сказаў, што ёсць дзяржаўныя і недзяржаўныя СМІ, а тэрміну
“дзяржаўная” ці “недзяржаўная” журналістыка я наогул не чуў, ды і сам
ніколі не ўжываю. Проста, калі мы гаворым пра дзяржаўныя сродкі масавай
інфармацыі, там ёсць пэўная замова ад цяперашняй улады. Гэтая замова
часам прыводзіць да таго, што сродкі масавай інфармацыі ператвараюцца ў
сродкі прапаганды.
Між іншым, гэтая праблема існуе і ў незалежных
СМІ. Асабліва гэта тычыцца некаторых інтэрнэт-сайтаў. Яны таксама больш
нагадваюць прапагандысцкія рэсурсы. З гэтага вынікае, што, мусіць, няма
дзяржаўнай і недзяржаўнай журналістыкі, а ёсць тыя, хто
падпарадкоўваецца прафесійным стандартам, а ёсць тыя, хто працуе
“інфармацыйнымі кілерамі”.
Наколькі важна выконваць гэтыя
прафесійныя стандарты? Бо, напрыклад, у дзяржаўных СМІ нашмат больш
увагі надаецца дзеючай уладзе. Магчыма, каб вытрымаць прапорцыю,
незалежныя СМІ павінны больш надаваць увагі дэмакратычным лідарам? Альбо
трэба быць да канца непрадузятым?
Аляксандр Старыкевіч: Мы
гэту сітуацыю не ўраўнаважым, бо ўсё ж такі розныя наклады і розныя
магчымасці. Хаця, напрыклад, у інтэрнэце незалежныя сайты карыстаюцца
значна большай папулярнасцю, чым дзяржаўныя.
Насамрэч,
прапаганда ў нашым грамадстве запатрабаваная – як праўладная, так і
апазіцыйная. Запатрабаваная досыць сур’ёзна і, часам, больш, чым
незалежная інфармацыя. У прынцыпе, прапаганду і рабіць прасцей. Так што
тут кожны выбірае сам, але што тычыцца мяне – мне гэта не было цікава
ніколі.
Я вельмі жорстка абараняю сваю свабоду ў гэтым плане. Бо
не сакрэт, што ціск бывае не толькі з боку ўлады, але і з боку тых, хто
лічыць сябе дэмакратамі, і лічыць, што незалежная прэса абавязаная іх
цалкам падтрымліваць, пісаць толькі добрае, а на ўсе іх заганы сарамліва
заплюшчваць вочы. Гэтага не будзе. І я спадзяюся, што такую пазіцыю
падзяляе большасць маіх калег.
Калі хочаш усё ж такі захоўваць
прафесіяналізм, то трэба быць аб’ектыўным і даваць месца ў СМІ кожнаму
кандыдату прыкладна пароўну?
Аляксандр Старыкевіч: Як
тэарэтычны тэзіс гучыць добра, але на практыцы гэта немагчыма. У нас
ёсць 10 прэтэндэнтаў, якія дэманструюць абсалютна розную ступень
актыўнасці. Каманда Уладзіміра Някляева, напрыклад, стварае ў разы больш
нагод, чым усе астатнія каманды разам узятыя. І, натуральна, праз гэта
яна прысутнічае ў незалежных СМІ значна больш, чым кожная іншая каманда.
Можна высмоктваць з пальца, і калі мы нешта напісалі пра Някляева, тут
жа пісаць тое самае пра Рымашэўскага, Міхалевіча ці Правальскага. Але
які сэнс?
Незалежная прэса – гэта люстэрка таго, што адбываецца.
Мы самі не мусім сартаваць кандыдатаў, штучна ставіць іх у такія ўмовы –
сёння 50 словаў пра аднаго, заўтра 50 словаў пра іншага… Як працуеце,
тое і атрымліваеце.
Натуральна, што перад выбарамі СМІ надаюць
шмат увагі менавіта гэтай тэме. Але наколькі гэта ўсё цікава чытачам і
слухачам? Наколькі іх густы змяняюцца перад выбарамі? Або як і заўжды,
больш за ўсё людзей цікавяць спорт і эротыка?
Аляксандр Старыкевіч: Эротыка
цікавіць заўсёды, нават падчас выбараў. Але ў перадвыбарчы перыяд
колькасць наведвальнікаў узрастае ў значнай ступені – у тым ліку і тых,
хто чытае менавіта палітычныя матэрыялы.
Як трэба паведамляць пра выбары, каб гэта стала цікавым нават тым, хто палітыкай і выбарамі не цікавіцца?
Аляксандр Старыкевіч: Як
кажуць, можна падвесці чалавека да вады, але нельга прымусіць яго піць.
Калі ёсць стаўленне, што “мне гэта не трэба”, то тут як бы не
выварочваліся журналісты – нічога не зробіш.
Іншая справа, што людзей, якія ніколі не цікавяцца палітыкай, усё ж такі не так шмат, прынамсі, калі браць сталічную аўдыторыю.
Я
думаю, што тут усё завязана не толькі на сродкі масавай інфармацыі, але
і на саміх кандыдатаў у прэзідэнты, бо калі яны самі па сабе
“шэранькія” і не выклікаюць цікавасці ў выбаршчыкаў, то і чытаць пра іх
будуць слаба. А калі чалавек здолее звярнуць на сябе ўвагу і
заінтрыгаваць, то палезуць у інтэрнэт ці пойдуць у кіёск нават тыя, хто
звычайна быў абсалютна незацікаўлены ў гэтай справе.
То бок першасныя тут усё ж такі кандыдаты – калі яны яркія і цікавыя, то і чытаць пра гэта будзе цікава…
Аляксандр Старыкевіч: Безумоўна,
штучныя спробы падаць любога кандыдата лепш, чым ён ёсць на самой
справе – магчымыя, але, на маю думку, неэфектыўныя. Людзі ўсё ж такі не
дурні. Можна трошку “падфаташопіць” тую ці іншую асобу, але з Бабы Ягі
міс свету вы не зробіце нават пры ўсіх магчымасцях.
Не так
даўно БАЖ праводзіла даследаванне, пра што пішуць СМІ напярэдадні
выбараў. І атрымалася, што дзяржаўныя СМІ пра надвор’е кажуць больш, чым
пра выбары… На што гэта ўплывае?
Аляксандр Старыкевіч: Гэта
абсалютна невыпадковая стратэгія. Стаўленне да выбараў у нас такое, што
выбары – гэта дэкарацыя. "Халера з вамі, правядзем. Але вы мусіце
разумець, што па-сутнасці ніякага выбару ў вас няма".
Днямі
НІСЭПД распаўсюдзіў вынікі апошніх даследаванняў. За паўтара месяца ў
Някляева рэйтынг павялічыўся ў 3 разы, у Саннікава – таксама ў 3 разы, і
ў астатніх прэтэндэнтаў падраслі...
Гэта пры тым, што па
сутнасці яны не трапілі ў масавыя дзяржаўныя СМІ. Гэта сведчыць пра тое,
што калі б людзі выходзілі на сапраўды шырокую аўдыторыю, то яны б
атрымлівалі шанец. Не гарантыю, але шанец, што яны знойдуць дастаткова
прыхільнікаў, каб гэта стала небяспечна для дзеючай улады. Навошта гэта
ўладзе?
Ёсць такая тэндэнцыя, што сёння ўсё больш СМІ
сыходзяць у інтэрнэт, асабліва ўлічваючы нашу сітуацыю са сродкамі
масавай інфармацыі… Ці дапамагае гэта чымсьці?
Аляксандр Старыкевіч: Безумоўна,
дапамагае. Я думаю, што сёння вельмі значная частка атрымлівае
інфармацыю пра дэмакратычных палітыкаў з інтэрнэта. Іншая справа, што
інтэрнэт – гэта сродак. І гэты сродак абсалютнай большасцю палітыкаў
выкарыстоўваецца не зусім рацыянальна. А некаторымі не выкарыстоўваецца
наогул.
Тут зноў пытанне ў тым, што калі вы кандыдат на пасаду
прэзідэнта, вы мусіце стварыць цікавую інфармацыйную нагоду. Потым яна
ўжо будзе распаўсюджвацца праз інтэрнэт, праз незалежныя выданні, з
вуснаў у вусны… Але калі няма сапраўды чагосьці цікавага, што вы скажаце
ці зробіце, што зачэпіць – тут і інтэрнэт не дапаможа.
Ці не падаецца вам, што сёння ў рэгіёнах журналісты працуюць лепш, чым у сталічных крутых газетах?
Аляксандр Старыкевіч: І
ў сталіцы, і ў рэгіёнах ёсць добрыя і дрэнныя журналісты. Цяжка
параўноўваць, напрыклад, "Нашу Ніву" і "Intex-press". І тое і другое –
добрыя выданні. Думаю, што гэта ўсё ж такі штучны падзел на сталіцу і
рэгіёны. Ведаю толькі, што сталічныя СМІ сур'ёзна падсілкоўваюцца
журналістамі, якія пачынаюць свой творчы шлях у рэгіёнах, а потым
пераязджаюць у Мінск.
Як эвалюцыянуе беларуская журналістыка? Ці не падаецца вам, што яе ўзровень падае? Шмат хто сышоў у замежныя праекты…
Аляксандр Старыкевіч: Зразумела,
што шмат хто з'язджае… Можа апошнім часам як раз і не так шмат, бо праз
крызіс умовы ў маскоўскіх ці кіеўскіх СМІ таксама пагоршыліся. Але гэта
практычна непазбежны працэс і да яго трэба ставіцца спакойна, бо ёсць
дастатковы патэнцыял, каб на месца тых, хто з'ехаў прыйшлі людзі, якія
праз пэўны час будуць не горшымі ў сваёй справе.
Калі
падсумоўваць, мне здаецца, што беларускія незалежныя СМІ трымаюць свой
узровень. І гэта далёка не горшы варыянт з таго, што мы маглі б мець. Бо
сёння, як у той вядомай казцы, проста каб заставацца на месцы, трэба
досыць хутка ісці наперад. Пакуль што атрымліваецца.
Нягледзячы
на ўсе праблемы, пакуль што за незалежныя СМІ не сорамна. Праўда, тут
трэба адзначыць, што ў дадзеным выпадку зязюля хваліць зязюлю, нават не
пеўня. Насамрэч, ацэнку стану журналістыкі павінны даваць чытачы.
Але
з аб'ектыўнага – наклады незалежных газет збольшага растуць. І тое, што
ў інтэрнэце недзяржаўныя СМІ маюць перавагу перад дзяржаўнымі – гэта
ўсё такі сведчыць пра тое, што мы працуем не зусім кепска.