Стэфановіч: Узровень катаванняў залежыць ад беспакаранасці

120626 StefanovichS.mp3

Еўрарадыё: Ці актуальная праблема катаванняў для Беларусі?

 

Валянцін Стэфановіч: Я не падам вам нейкіх статыстычных дадзеных па катаваннях, таму што па-мойму іх проста не існуе. Можна апеляваць хіба да колькасці асуджаных супрацоўнікаў сілавых структур па артыкуле Перавышэнне службовых паўнамоцтваў. Менавіта гэты артыкул прадугледжвае адказнасць за ўжыванне катаванняў, іншага артыкула ў крымінальным кодэксе няма, і само паняцце катавання не раскрываецца ў заканадаўстве. Але праблема для нас актуальная і перыядычна мы сутыкаемся са зваротамі грамадзян, якія скардзяцца на ўжыванне катаванняў у дачыненні да іх.

 

Еўрарадыё: А чаму ў беларускім заканадаўстве не вылучаецца паняцце катавання?

 

Валянцін Стэфановіч: Трэба сказаць, што Беларусь ратыфікавала міжнародную канвенцыю супраць катаванняў, і там утрымліваецца тэрмін – што разумеецца пад катаваннямі. Я не ведаю, па якой прычыне гэта не раскрыта ў нашым заканадаўстве, і гэта тое, чаго патрабуе праваабарончая супольнасць Беларусі – каб гэтае паняцце было ўключанае ў крымінальны кодэкс. Пра гэта мы пісалі ў рэкамендацыях падчас праходжання Беларуссю працэдуры ўніверсальнага перыядычнага агляду ў Камітэце па правах чалавека ААН. Але, на жаль, Беларусь абавязацельстваў па гэтых рэкамендацыях на сябе не ўзяла. Яна, дарэчы, пратэрміноўвала некалькі разоў прадстаўленне справаздачы ў Камітэт супраць катаванняў ААН. А ў апошняй справаздачы ніякіх фактаў хаця б таго, што Беларусь паспяхова змагаецца з такімі праявамі – нават гэтага не напісана.

Еўрарадыё: Ці ёсць асаблівасці ў катавання па-беларуску?

 

Валянцін Стэфановіч: Мне падаецца, што наўрад ці можна вызначыць нейкія асаблівасці. Калі браць сусветны досвед, узровень катаванняў залежыць ад беспакаранасці дзяржаўных органаў, якія іх выкарыстоўваюць. Літаральна цяпер да нас звярнуліся бацькі грамадзяніна Плакса, які зараз утрымліваецца ў СІЗА горада Жодзіна, якія распавялі нам, што ён быў затрыманы ў Мінску, і падвергнуты катаванням у Ленінскім РУУС горада Мінска. У прыватнасці з таго, што вядома ягоным бацькам, да яго выкарыстоўвалася “ластаўка”, калі рукі кайданкамі ці дротам звязваюцца за нагамі. На галаву яму апраналі пакет, перакрываючы такім чынам паветра, яго збівалі, кідалі на спіну гіры, прымушаючы прызнацца ў здзейсненых злачынствах. Таму зараз мы рыхтуем матэрыял пра гэты выпадак, факт катаванняў быў зафіксаваны ў тым ліку і ў пратаколах следчых дзеянняў – ён заявіў пра гэта адвакатам, якія працавалі па гэтай справе. Вось выпадак, які сведчыць пра асаблівасці. Але гэта не асаблівасці Беларусі, я б сказаў, гэта распаўсюджана на ўсёй постсавецкай прасторы.

Еўрарадыё: Калі ўзгадваць гісторыю сучаснай Беларусі, ці быў нейкі перыяд, калі катаванні не прымяняліся?

 

Валянцін Стэфановіч: Я думаю, што яны прымяняліся заўсёды, і шмат у якіх краінах, у тым ліку, і ў тых краінах,якія мы лічым дэмакратычнымі, прававымі. Адзіная розніца ў тым, ці становяцца такія факты галоснасцю для грамадства, і наколькі там існуе кантроль грамадскаства за дзейнасцю сілавых структур, які дазваляе прадухіляць такія факты. Напрыклад, такія механізмы, як амбудсмэн па правах чалавека, грамадскія рады пры міністэрствах унутраных справаў, калі праваабарончыя арганізацыі, што туды ўваходзяць могуць бесперашкодна наведваць месцы прымусовага ўтрымання грамадзянаў у тым ліку, у РУУСах. Гэтыя механізмы і падыходы дазваляюць перадухіляць такія заганныя практыкі. А ў нас, на жаль, дзейнасць сілавых структур вельмі закрытая, ніякага грамадскага кантролю фактычна няма.

 

Еўрарадыё: Якая адказнасць мусіць быць за прымяненне катаванняў?

 

Валянцін Стэфановіч: Фактычна, адказнасць у нас устаноўленая артыкулам за перавышэнне службовых паўнамоцтваў. Але вельмі цяжка дамагацца гэтай адказнасці. Зараз мы сутыкнуліся з новай заганнай сітуацыяй у сувязі са з’яўленнем такога інстытута, як следчы камітэт, калі органы пракуратуры, за якімі захоўваецца функцыя нагляду за органамі следства, але пры гэтым яны пазбаўленыя магчымасці ўзбуджэння крымінальнай справы. І атрымліваецца, што ў выпадку з грамадзянінам Плаксам яго бацькі скардзіліся ў пракуратуру Ленінскага раёна, якая пераарыентавала іх скаргу ў следчы камітэт Ленінскага раёна, той, які і вядзе крымінальную справу іх сына. Атрымліваецца замкнёнае кола, і вельмі цяжка дамагчыся ўзбуджэння крымінальных справаў пры правядзенні праверак па гэтых фактах. Тым не менш, такія факты бываюць. Час ад часу у СМІ мы бачым, што хтосьці быў пакараны за перавышэнне службовых паўнамоцтваў. Але катаванні часта носяць латэнтны характар, схаваны, шмат хто не наважваецца паведамляць пра гэта публічна ці скардзіцца куды-небудзь. Тут, дарэчы, вельмі вялікую ролю адыгрываюць незалежныя СМІ, паколькі гэта і ёсць адзін з элементаў грамадскага кантролю, калі такім выпадкам надаецца рэзананс, які можа падштурхоўваць дзяржаўныя органы да належнай рэакцыі.

Еўрарадыё: Чаму ў Беларусі не атрымліваецца караць вінаватых у катаваннях?

 

Валянцін Стэфановіч: Я думаю, таму што ёсць пэўная зацікаўленасць і саміх органаў, каб не выносіць смецце з хаты – я маю на ўвазе МУС і іншыя органы, якія найбольш могуць быць абвінавачаныя ў такіх выпадках. Ну, і па-другое, мне падаецца, што праблема ў прынцыпе з судовай сістэмай у Беларусі, з незалежнасцю судовай сістэмы, з адвакатурай, якую апошнім часам цяжка назваць незалежнай, якая знаходзіцца пад пільным кантролем Міністэрства юстыцыі, адвакаты часта проста баяцца нешта каментаваць ці нават працаваць на такога кшталту справах. Гэта ўсё агульныя праблемы, як і адсутнасць грамадскага кантролю за дзейнасцю сілавых структур.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі