Стоп бензін: беларус "перабраў" старую "Волгу", і цяпер яна ездзіць на дровах
"Волга" цяпер ездзіць на дровах / autogrodno.by
Жыхар Лепеля "перабраў" своб старую "Волгу", і цяпер яна ўмее ездзіць на дровах. На 100 км шляху выдаткоўваецца паўтара мяшка драўніны.
Газагенератарную ўсталёўку Сяргей размясціў у багажніку аўтамабіля, а мяшкі з дровамі возіць у салоне на заднім сядзенні. Вось як працуе незвычайная машына:
"Дровы засыпаюцца ва ўстаноўку, гараць і вырабляюць газ, які паступае на фільтр грубай ачысткі, а далей у ахаладжальнік і ў фільтр тонкай ачысткі, а пасля паступае ў рухавік унутранага згарання праз трайнік-змяшальнік".
Распал усталёўкі даволі працаёмкі. Для гэтага выкарыстоўваецца вентылятар ад надзіманага матраца, які падлучаецца да паветраводаў поруч з рухавіком. Газ патрэбнай якасці пачынае паступаць у маторны адсек хвілін праз дзесяць. Таму для кароткіх паездак захаваная магчымасць пераключацца на бензін.
Цяга не такая добрая, як на бензіне, заўважае Сяргей. Але ў прынцыпе машыну змаглі разагнаць да 100 км/г.
Сяргей ужо некалькі гадоў эксперыментуе з рухавікамі ўнутранага згарання, якія працуюць на дровах. Раней ён сканструяваў матацыкл на дровах. Яго гісторыю распавядае autogrodno.by.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.