Студэнт з Віцебску гандляваў зброяй, каб аплаціць навучанне
Юнак стварыў суполку "Вконтакте" і прадаваў праз яе пнеўматычныя вінтоўкі, газавыя пісталеты, электрашокеры.
Такім гандлем студэнт Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта займаўся восем месяцаў. За гэты час юнак прадаў свой спецыфічны тавар тромстам пакупнікам, піша "Комсомольская правда в Беларуси". А потым ён трапіў пад увагу падатковай інспекцыі. Падчас кантрольнага закупу інспектар купіў у хлопца газавы пісталет, шарыкі для страляння і газавыя балончыкі.
Выявілася, што такім чынам хлопец зарабляў грошы на вучобу, бо паступіць на бюджэтнае аддзяленне ў яго не атрымалася. За час сваёй незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці ён зарабіў каля пяцідзесяці мільёнаў рублёў. Дарэчы, увесь тавар ён купляў у адным з гандлёвых цэнтраў Віцебску. Юнак рабіў нацэнку ў 30% і выстаўляў на продаж. Кліентаў, якім было лянота самастойна пашукаць "пнеўматыку" і газавыя балончыкі, знайшлося нямала.
Маладога чалавека аштрафавалі на 4 мільёны рублёў і канфіскавалі тавар.
Фота з сацыяльных сетак