Суд адмовіўся вызваліць з-пад варты француза, якога судзяць за патрон
Гомельскі раённы суд адмовіўся вызваліць з-пад варты француза Жалана Віо, якога судзяць за патрон, з якім ён ехаў праз мяжу.
Адвакат папрасіў суд вызваліць свайго падабароннага пад асабістае даручальніцтва. Паручыцца за француза пагадзіліся дзве яго мінскія прыяцелькі, якія выступілі ў судзе, паведамляе tut.by. Дзяўчат папярэдзілі пра адказнасць за няяўку Віо на наступныя пасяджэнні суда, але яны свайго намеру не змянілі.
Аднак суд вырашыў у хадайніцтве адмовіць. Працэс над Віо працягнецца 17 лістапада.
На судзе 15 лістапада француз паведаміў, што 13 верасня прыехаў у Беларусь, "каб наведаць сваю сяброўку Таццяну і паглядзець краіну". У Гомель ён прыехаў з Мінска 21 верасня на начным цягніку, далей аўтастопам дабраўся да мяжы з Украінай.
На мытні "Новая Гута" ў замежніка спыталіся, ці вязе ён што-небудзь забароненае. "Я па-англійску адказаў пытаннем на пытанне: "Ці з'яўляецца куля забароненай, я не ведаю?". Яны не зразумелі мяне і жэстамі папрасілі паказаць. Я палез у заплечнік. У скрутку ляжала куля і іншыя сувеніры з іншых краін, якія я набыў раней", — распавёў Віо.
Француз кажа, што кулю яму падарылі ў Варшаве, паведаміўшы, што гэта муляж. Калі ён прыехаў у Беларусь, пра гэта ў яго ніхто не пытаўся, таму ён не казаў. Віё заяўляе, што не прыняў бы патрон у падарунак, каб ведаў, што ён сапраўдны.
Супрацоўнік Гомельскай мытні на судзе паведаміў, што падставай для пільнай увагі, якую выказалі да француза, "паслужыла барада дадзенага грамадзяніна". Мытнік прызнаў, што Віо адразу дастаў патрон: "Я прасіў паказаць рэчы — і ён дастаў гэты патрон. З вопыту магу сказаць, што чалавек, калі хоча схаваць, дастае гэта ў апошнюю чаргу. А ён у першую чаргу дастаў".
Прадстаўнік мытні мяркуе, што француз забыўся пра патрон і адразу паказаў яго для агляду. "Закон ён парушыў, лічу, але па-чалавечы — ніякага намеру схаваць патрон не меў", — дадаў мытнік.