Суд над газавікамі ў Барысаве: прычына смерці — няспраўнасць у газавай калонцы
У Барысаве пачаўся суд над двума слесарамі "Барысаўгазу", якіх вінавацяць у смерці шасці чалавек на пачатку 2016 года. Ім выставілі абвінавачанне ў службовай халатнасці і прычыненні смерці па неасцярожнасці.
Трагедыя адбылася ў студзені 2016 года. У двух кватэрах шматкватэрнага длма ў Барысаве ад атручэння чадным газам загінулі шэсць чалавек: муж і жонка ў адной зкватэраў, а таксама сям'я з чатырох чалавек — у другой. Прычым сярод загінулых былі дзеці 10 і 17 гадоў.
Перад гэтым здарэннем жыхары пад'езда некалькі разоў выклікалі газавікоў, аднак тыя не знайшлі ніякіх няспраўнасцяў.
Крымінальная справа налічвае 10 тамоў. Прычынай смерці называецца няспраўнасць газавай калонкі ў кватэры №4. Абвінавачанне лічыць, што падсудныя слесары "Барысаўгаза" мелі магчымасць знайсці няспраўнасць і выправіць яе.
Самі слесары не прызналі свю віну і заявілі, што выстаўленыя абвінавачанні ім не зразумелыя.
Адвакаты абвінавачаных заявілі, што абвінавачаныя слесары "Барысаўгаза" не абслугоўвалі гэтую канурэтную калонку. Да таго ж, гаспадары ёе кепска даглядалі: яна была вельмі бруднай. У кватэры, дзе загінулі людзі, былі заклееныя вокны, адчынялася толькі фортка.
На судзе таксама прысутнічаюць чацвёра пацярпелых — гэта сваякі загінулых. Кожны з іх выставіў пазоў па матэрыяльнай кампенсацыі да "Мінаблгазу" — па 50 тысяч дэнамінаваных рублёў.