Суд над віцебскімі апазіцыянерамі перанеслі з-за адсутнасці перакладчыка

Яшчэ адну ноч давядзецца правесці ў ізалятары часовага ўтрымання віцебскім апазіцыянерам Барысу Хамайду і Аляксандру Салаўяну з-за таго, што суддзя Ірына Смалякова не разумее па-беларуску.
Беспартыйны актывіст Барыс Хамайда і сябра КХП-БНФ Аляксандар Салаўян былі затрыманыя ўчора ўвечары. Яны прымацавалі на даху жылога дома па вуліцы Праўды недалёка ад Кастрычніцкага райвыканкаму бел-чырвона-белы сцяг, другі сцяг затрыманыя мелі пры сабе.

Начальнік Кастрычніцкага РАУС Андрэй Пракаповіч палічыў іх дзеянні несанкцыянаваным пікетаваннем. Сёння а 14-й гадзіне суд пачаў разглядаць адміністрацыйную справу Хамайды і Салаўяна, але амаль адразу ж пасяджэнне спынілі.

Абодва апазіцыянеры запатрабавалі, каб суддзя размаўляла з імі па-беларуску ці забяспечыла іх перакладчыкам. Амаль дзве гадзіны суддзя вырашала гэтае пытанне. Урэшце суд быў перанесены на 31 студзеня.

Заўтра раніцай пасяджэнне працягнецца, ужо з перакладчыкам.

Ядвіга Сташэўская, Еўрарадыё, Віцебск

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі