Суд разгледзіць скаргу Танкачовай на рашэнне пра яе высылку з Беларусі
Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці лічаць дзеянні ўладаў непрапарцыйнай і палітычна матываванай санкцыяй.
У чацвер, 8 студзеня, у судзе Першамайскага раёна Мінска адбудзецца разгляд скаргі праваабаронцы Алены Танкачовай на рашэнне міліцыі на яе высылку з краіны, інфармуе БелаПАН. Нагадаем, 5 лістапада 2014-га Першамайскі РУУС прадпісаў Танкачовай на працягу месяца пакінуць Беларусь, забараніўшы ёй наведваць краіну ў бліжэйшыя тры гады. Абскарджанне рашэння прадугледжвае прыпыненне прадпісання аб высылцы на тры месяцы. На абскарджанне ў кожнай з прадугледжаных інстанцый даецца месяц.
28 лістапада мінулага года праваабаронца абскардзіла рашэнне ў ГУУС Мінгарвыканкама, што дазволіла ёй на 30 дзён падоўжыць рэгістрацыю на часовае знаходжанне ў Беларусі. 12 снежня сталічная міліцыя адмовіла ў задавальненні скаргі.
Танкачова з'яўляецца грамадзянкай Расіі, але жыве ў Беларусі каля 30 гадоў, мае тут нерухомасць і сталую працу. На працягу 20 гадоў яна і кіраваны ёй Цэнтр прававой трансфармацыі аказваюць прафесійную юрыдычную і экспертную падтрымку некамерцыйным арганізацыям Беларусі, а таксама ў сітуацыях з парушэннямі правоў чалавека. Падставай для рашэння ўладаў сталі факты нязначнага перавышэння хуткасці аўтамабілем Танкачовай, зафіксаваныя відэакамерамі.
Сем тысяч подпісаў, сабраныя грамадскімі актывістамі пад просьбай не высылаць Танкачову з краіны, на рашэнне ўладаў не паўплывалі. Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці лічаць дзеянні ўладаў непрапарцыйнай і палітычна матываванай санкцыяй, звязанай з прафесійнай дзейнасцю праваабаронцы.
Чым магла перашкодзіць уладам праваабаронца Алена Танкачова?