Суд стаў на бок тэлезоркі Люцыі Лушчык, на якую падалі заяву за абразу жанчыны

Суд стаў на бок тэлезоркі Люцыі Лушчык, на якую падалі заяву за абразу жанчыны

У сераду, 3 лютага, суд Цэнтральнага раёна Мінска адмовіў Ілоне Герашчанка ў іску аб абароне гонару і годнасці да тэлезоркі, вядомай пад псеўданімам “Люцыя Лушчык” (у цывільным жыцці Люцыя Герашчанка). 

Суд стаў на бок тэлезоркі Люцыі Лушчык, на якую падалі заяву за абразу жанчыны

Коратка нагадаем, з чаго ўтварыўся канфлікт. Тэлезорка пабралася шлюбам з уплывовым бізнэсменам Андрэем Герашчанкам і разам з мужам выхоўвае яго малую дачку. Родная маці дзяўчынкі, Ілона Герашчанка, сцвярджае, што ўжо больш за год не можа з ёй бачыцца: не дазваляе былы муж. У сувязі з гэтым ідуць судовыя разбіральніцтвы.

Два месяцы таму беларускі інтэрнэт скалынуў відэазапіс, на якім жанчына, падобная да тэлезоркі, у прысутнасці дзяўчынкі абвінавачвае Ілону Герашчанка, што тая “бавіць час з палюбоўнікам”, з’яўляецца “спецыялістам па жанатых мужчынах”. У сувязі з гэтымі абразамі Ілона звярнулася ў суд.

“Прашу ўвагі прэсы, — прамаўляе суддзя падчас вынясення рашэння. — Відэаздымкі, якія былі прадстаўленыя, не сведчаць пра тое, што яны вяліся адкрыта, дапушчальна і на законных падставах. Суд не знайшоў прававых падставаў прыняць відэа як доказ”.

Суд стаў на бок тэлезоркі Люцыі Лушчык, на якую падалі заяву за абразу жанчыны
Кадр з відэазапісу, які разышоўся па інтэрнэце

У сярэдзіне лютага адновіцца працэс, цягам якога суд павінен вызначыць парадак адносінаў маленькай дачкі з бацькамі. Наўпрост просім Андрэя Герашчанку пракаментаваць інфармацыю пра тое, ці сапраўды ён больш за год не дазваляе дачцэ бачыцца з яе роднай маці. У такіх пытаннях Андрэй Аляксандравіч бачыць спробу ўлезці ў яго прыватнае жыццё. Спасылаецца на “Кодэкс аб шлюбе і сям’і” і адзначае, што ў спрэчках паміж былой жонкай і ім разбярэцца суд.

“На дадзены момант ніводным кампетэнтным органам не ўстаноўлены факт наяўнасці нейкіх перашкодаў у Ілоны Генадзьеўны ў зносінах з дачкой. Апроч яе бясконцых пастоў у інтэрнэце, гэта не пацвярджаецца нічым”, — выказваецца Яўгенія Патапава, адвакат Андрэя Герашчанкі.

Еўрарадыё: Але калі б журналісты атрымалі доказы, што родная маці мае магчымасць бачыцца з дачкой, адпалі б усе пытанні.

Яўгенія Патапава: “З’ездзіце ў школу, там жа не вісіць амбарны замок. Зразумела, туды пусцяць маму”.

Да дыялогу далучаецца Андрэй Герашчанка:

“Праблема ў тым, што Ілона Генадзьеўна вельмі шмат хлусіць. І ніхто ёй ні ў чым не перашкаджае, і ў суд яна сама падала”. 

Суд стаў на бок тэлезоркі Люцыі Лушчык, на якую падалі заяву за абразу жанчыны
Ілона Герашчанка перад абвяшчэннем прысуду 3 лютага

Андрэй Герашчанка апошнім часам нямала выказваўся журналістам пра сваю былую жонку.

Калі коратка, ён бачыць сітуацыю так, што ў 2014 годзе Ілона Герашчанка вывезла дачку ў Маскву і не жадала з ім дамаўляцца. Гэты і многія іншыя аргументы змусілі яго ўзяць сітуацыю пад кантроль і забраць дачку да сябе.

Ілона Герашчанка паказвае дакументы і фота, якія, па яе словах, даказваюць, што ў Маскву яна і дачка з’ехалі не ў 2014-м, а на некалькі гадоў раней. І тады ўсе пагадненні наконт выхавання дзяўчынкі паспяхова дзейнічалі на два гарады.

“Сам Андрэй прыязджаў і ў Маскве дзіця забіраў. Роўна як і мой бацька забіраў дзіця ў Мінску і адвозіў у Маскву”, — распавядае Ілона Герашчанка.

Яна даводзіць, што са снежня 2014 года не можа бачыцца з дачкой, нягледзячы на звароты ў кампетэнтныя органы. За гэты час стаўленне маленькай дзяўчынкі да яе вельмі змянілася.

“Дайшло да таго, што ў апошні раз дачка выйшлі з машыны, пабачыла мяне і сваю бабулю і пры гэтым сказала: “Адстаньце, не чапайце мяне”. Раней я чула ад яе і такое: “Тата добры, ты дрэнная. Мне тата пра цябе ўсё расказаў, ты мяне кінула”. Усё з-за таго, што я не магу праводзіць з ёй час, а яны знаходзяцца з ёй 24 гадзіны на суткі і такім вось чынам на дачку ўплываюць”, — лічыць Ілона Герашчанка.

Еўрарадыё: Чаго вы хацелі б дабіцца па выніках суда?

Ілона Герашчанка: Абодва бацькі абавязаныя выхоўваць сваё дзіця. Я не кажу пра тое, што вельмі гэтага хачу. Але былы муж на перамовы не ідзе. Нават пры вас я задаю яму пытанне, калі змагу пабачыцца з дачкой, а ён сыходзіць убок.

 

Гэта супрацьстаянне паміж былымі мужам і жонкай падняло вострае пытанне: ці здольная беларуская праваахоўная сістэма забяспечыць кожнаму з бацькоў роўныя правы. Хацелася б, каб псіхіку дзіцяці не зламалі, а дзяржава дапамагла бакам дамовіцца, разабраўшыся ў сітуацыі. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі