Суд у Брэсце прызнаў дзве кнігі Зянона Пазняка экстрэмісцкай літаратурай

Суд у Брэсце прызнаў дзве кнігі Зянона Пазняка экстрэмісцкай літаратурай

Дзве кнігі Зянона Пазняка суд у Брэсце прызнаў экстрэмісцкай літаратурай. Разгляд справы па заяве Брэсцкай мытні адбыўся 20 красавіка ў судзе Маскоўскага раёну.

Як паведамлялася раней, па два экземпляры кніг "Добрая фатаграфія" і "Абарона Курапатаў. Народны мемарыял" мытнікі канфіскавалі 27 верасня 2015 года ў Алеся Чахольскага ў пункце мытнага афармлення "Брэст-Цэнтральны".

Адказны сакратар Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ вяртаўся з Польшчы, дзе і набыў гэтыя выданні. Іх накіравалі ў экспертную камісію Брэсцкай вобласці па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці або адсутнасці ў ёй прыкмет праявы экстрэмізму. Згодна з высновамі камісіі ад 26 кастрычніка, у кнігах ёсць прыкметы экстрэмізму.

Чахольскі з такім рашэннем не пагадзіўся і выказаў недавер экспертызе, якую рабілі прадстаўнікі праўладнай грамадскай арганізацыі. Спярша ў судзе Ленінскага раёна Брэста ён спрабаваў абскардзіць рашэнне экспертнай камісіі, а таксама дамагчыся вяртання кніг. 23 лютага суд прызнаў паседжанне экспертнай камісіі правамоцным і не пабачыў падставаў для вяртання праекта на дапрацоўку.

Чахольскі: “Відавочна, што гэта палітычная справа, палітычная замова. Экспертнае заключэнне — нікчэмнае. Фактычна, за сем месяцаў змаганняў мы давялі, што экспертная камісія складаецца з заангажаваных асобаў. Высветлілася, што ўсе яны сябры “Белай Русі”.

Цяпер суддзя суда Маскоўскага раёна Брэста Таццяна Гаргадзе задаволіла заяву Брэсцкай мытні. Кнігі "Добрая фатаграфія" і "Абарона Курапатаў. Народны мемарыял" прызнаныя экстрэмісцкай літаратурай.

Чахольскі мае намер абскарджваць судовае рашэнне.

Кніга "Добрая фатаграфія" з'яўляецца зборнікам фатаграфічных эсэ пра фотаздымкі з краін Еўропы і Амерыкі з сярэдзіны XIX стагоддзя і да нашых дзён. Кніга "Абарона Курапатаў. Народны мемарыял" — зборнік артыкулаў, успамінаў і фотаздымкаў, прысвечаных абароне месца масавага пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі