Суд у Маладзечне па справе загінулай школьніцы працягнецца 6 снежня
Загад аб адпраўцы школьнікаў на ўборку бульбы быў падпісаны ўжо пасля трагедыі. Пра гэта 29 лістапада было заяўлена ў судзе ў Маладзечне, дзе разглядалася справа аб гібелі васьмікласніцы Вікторыі Папчэні на ўборцы бульбы. Бацькі і юрысты дамагаюцца, каб гэтае трагічнае здарэнне было прызнанае няшчасным выпадкам на вытворчасці.
Рашэнне адправіць "на бульбу" школьнікаў прыняла тагачасная выканаўца абавязкаў дырэктара школы Галіна Пішчык, але адпаведны загад яна падпісала пазней. Вусны загад на адпраўку даваў намеснік дырэктара па выхаваўчай працы Дзяніс Курэц. І Пішчык, і Курэц цяпер звычайныя педагогі.
Працэс працягнецца 6 снежня. Суд запатрабаваў матэрыялы праверкі, якую правяло па гэтым здарэнні ўпраўленне адукацыі Мінаблвыканкама.