Суд у Маскве адклаў пасяджэнне аб перадачы Сафіі Сапега на 1 чэрвеня
Суд у Маскве па экстрадыцыі Сафіі Сапега / t.me/mediazona_by
У Прэсненскім судзе Масквы пачаўся разгляд справы аб экстрадыцыі ў Расію Сафіі Сапега. І адразу ж быў адкладзены да 1 чэрвеня.
Як піша "Медыязона", прычынай пераносу стала хадайніцтва абароны. Адвакат просіць перанесці суд у Прымор'е, бо Сапега зарэгістраваная на востраве Рускі.
У Беларусі расіянку Соф'ю Сапега асудзілі на 6 гадоў калоніі паводле двух артыкулаў — распальванне варожасці (ч. 3 арт. 130 КК) і незаконны збор інфармацыі аб прыватным жыцці (ч. 1 арт. 179 КК).
Дзяўчына і яе абарона хадайнічалі пра перавод яе ў Расію для далейшага адбыцця пакарання. Толькі ў сярэдзіне красавіка беларуская Генпракуратура дала на гэта згоду.
На сайце суда спачатку было пазначана, што дзяўчыне інкрымінуюць ч. 1 арт. 203 КК РФ (перавышэнне паўнамоцтваў супрацоўнікам прыватнага ахоўнага прадпрыемства). Звычайна па гэтым артыкуле судзяць ахоўнікаў супермаркетаў, якія ўжылі гвалт супраць пакупнікоў. Пазней інфармацыю ў картцы памянялі і ўказалі ч. 1 арт. 179 КК РБ, па якой Сапега судзілі ў Беларусі.
Сафію затрымалі 23 траўня 2021 года разам з былым галоўным рэдактарам Nexta Раманам Пратасевічам. Яна пайшла на супрацу са следствам, але ў траўні 2022 года суд прысудзіў яе да шасці гадоў калоніі. Прашэнне Сапега аб памілаванні не было задаволенае, хаця яе сваякі заплацілі ўсю прысуджаную кампенсацыю. Дзяўчына дагэтуль застаецца ў жаночай калоніі ў Гомелі.
Пратасевіча Мінскі абласны суд 3 траўня прысудзіў да 8 гадоў калоніі. 22 траўня Лукашэнка яго памілаваў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.