Супольнасць дэмакратый не запрасіла беларускія ўлады на свой саміт

Міністры замежных спраў з усяго свету сустрэнуцца на пачатку ліпеня ў Кракаве, каб абмеркаваць развіццё дэмакратыі. Нагодай для саміта стане чарговая гадавіна стварэння Супольнасці дэмакратый – міжурадавай арганізацыі, якая займаецца прасоўваннем дэмакратычных каштоўнасцяў. А вось беларускія ўлады ў Кракаў ніхто не запросіць. Яны “не ўпісваюцца” у кампанію, патлумачыў Еўрарадыё прэс-сакратар польскага МЗС Рафал Собчак.
Рафал Собчак: “Афіцыйныя беларускія ўлады не будуць запрошаныя. Беларускі бок не ўдзельнічаў у стварэнні Супольнасці і не падпісваў адпаведную дэкларацыю. Дэмакратычныя стандарты і каштоўнасці не шануюцца ў гэтай краіне. То бок яе нормы адрозніваюцца ад тых, якімі кіруецца Супольнасць дэмакратый, адсюль і рашэнне, каб не запрашаць беларускі ўрад”.
Аднак сітуацыю з дэмакратыяй у нашай краіне ўсё роўна абмяркуюць. У парадку дня Беларусь знаходзіцца разам з Іранам, Гаіці, Гандурасам, Паўночнай Карэяй, Зімбабвэ, Бірмай ды Грузіяй. Прадстаўляць беларускі бок у дыскусіі будуць не палітыкі, а грамадскія актывісты, кажа Рафал Собчак.
Рафал Собчак:Я б больш схіліўся да непалітычнага прадстаўніцтва. То бок на сустрэчу запрошаныя асобы, якія не належаць да пэўных палітычных партый, але з’яўляюцца сябрамі няўрадавых арганізацый”.
Чакаецца, што ў беларускую дэлегацыю ўвойдзе ад 5 да 10 чалавек. Супольнасць дэмакратый ужо выслала ім запрашэнні. Праўда прозвішчы ўдзельнікаў без іх згоды не называюцца. 
Разам з беларускімі ўладамі на святкаванне 10 гадавіны Супольнасці дэмакратый не запрасілі таксама і венесуэльскія. Сёлета ў Кракаве не будзе нават Расіі. Пра прычыны такога рашэння ў прэс-службе МЗС казаць не бяруцца, таму што пакуль афіцыйнай заявы на гэты конт ад арганізатараў не прагучала. За тое пацвердзіліся першыя прозвішчы высокіх гасцей.
Рафал Собчак:На дадзены мы атрымалі пацверджанне прыезду ад міністра замежных спраў Швецыі Карла Більта. Што тычыцца інстытутаў Еўрасаюза – то будзе старшыня Еўрапарламента Ежы Бузэк. Будзе таксама міністр замежных спраў Ірландыі. Іншыя краіны пакуль яшчэ не вызначыліся. Але калі казаць пра найбольш істотных асобаў то сярод іншых у Кракаве напэўна будуць Карл Більт, Хілары Клінтан і Мэдлін Олбрайт”.
Вынікам кракаўскага саміта стане абнаўленне Варшаўскай дэкларацыі з 2000 года, каб яна была ў стане адпавядаць сучасным выклікам дэмакратыі. Па словах Рафала Собчака, Супольнасць дэмакратый таксама плануе прыняць “дарожную мапу” сваіх дзеянняў на бліжэйшыя некалькі гадоў.
Рафал Собчак: Гэта будзе напэўна адна з найважнейшых міжнародных падзей гэтага года звязаных з дэмакратыяй, яе выклікамі і пагрозамі, а таксама сродкамі прасоўвання дэмакратычных каштоўнасцяў у свеце”.
Фота: commons.wikimedia.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі