Супрацоўнікаў "Гродна Азот" пагражаюць звольніць за пранесеныя на завод тэлефоны
Смартфон, ілюстрацыйнае фота
Супрацоўнікаў "Гродна Азота" праверылі падчас дзяжурстваў на святы і выходныя і знайшлі недазволеныя смартфоны. За гэта ім пагражаюць скасаваць працоўныя кантракты, піша Hrodna.life.
У заводскай газеце з гэтай нагоды напісалі: "Нагадаем, такая безадказнасць нясе небяспеку для ўсяго прадпрыемства і калектыву і цягне за сабой прымяненне строгіх дысцыплінарных мер аж да спынення працоўных адносін".
Да дзяжурстваў былі і іншыя пытанні, якія публічна не агучваліся. У газеце намякнулі толькі, што гэтыя недахопы і парушэнні звязаныя з культурай вытворчасці.
Забарона на карыстанне ўласнымі смартфонамі і выхад у інтэрнэт была ўведзеная на "Гродна Азоце" паўгода таму. Гэта адбылося пасля маштабнай атакі "Кіберпартызанаў" на прадпрыемства.
"Гродна Азот", якое знаходзіцца пад заходнімі санкцыямі, працягвае заставацца адным з самых пратэставых прадпрыемстваў. Служба бяспекі нядаўна скардзілася, што на заводзе ўсё ніяк не заканчваюцца "экстрэмісты".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.