Суседзям, якія аднавілі мурал з дыджэямі на "Плошчы Перамен", вынеслі прысуды
У Мінску вынесены прысуд дваім суседзям, якія ў ноч з 7 на 8 тразня 2021 года аднавілі мурал з дыджэямі на "Плошчы Перамен", піша праваабарончы цэнтр "Вясна". Аднаўленне графіці на трансфарматарнай будцы было кваліфікаванае як злоснае хуліганства, здзейсненае групай асобаў (ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса). У выніку 37-гадовы Васіль Логвінаў атрымаў два гады "хіміі", а 29-гадовая Дзіяна Каранкевіч — два гады "хатняй хіміі".
Падчас разгляду справы абвінавачаныя прызналі сваю датычнасць да аднаўлення мурала, але меркавалі, што іх дзеянні мусяць несці адміністрацыйную адказнасць. Але следства палічыла інакш: маўляў, "па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці з хуліганскіх меркаванняў, спалучаных з грубым парушэннем парадку і відавочнай непавагай да грамадзян", Логвінаў і Каранкевіч узялі ў рукі два трафарэты і нанеслі эмаллю белага і чорнага колераў малюнак на паркінгу Чарвякова, 60".
Сваімі дзеяннямі абвінавачаныя нанеслі шкоду Таварыству ўласнікаў "Паркінг на Сморгаўскім" на суму 334 рублі і 1 капейку. Абвінавачаныя цалкам пакрылі шкоду яшчэ да суду.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.