Сусветны фонд дзікай прыроды абвінавацілі ва ўтойванні забойстваў і катаванняў

Tim Lane / Guy Shield for BuzzFeed News
Tim Lane / Guy Shield for BuzzFeed News

Сусветны фонд дзікай прыроды на спонсарскія грошы наймае рэйнджараў для аховы нацыянальных паркаў Афрыкі і Азіі, а тыя катуюць і забіваюць людзей, якія падазраюцца ў браканьерстве. Гэта высветлілася ў выніку расследавання амерыканскага выдання BuzzFeed, якое праводзілася на працягу года ў шасці краінах.

Журналісты BuzzFeed сцвярджаюць, што Фонд ведаў пра злачынствы, але замаўчаў іх. Больш за тое, ён ціснуў на следства, каб расследаванне забойстваў у адной з краін было спыненае.

Катавалі, забівалі, гвалтавалі

У непальскім нацыянальным парку "Чытван" у 2006 годзе ахоўнікі арыштавалі мясцовага жыхара, якога падазравалі ў забойстве насарога. Пры гэтым доказы — тушу або рог — так і не знайшлі. Мужчына праз некалькі дзён памёр. Анатамаванне паказала, што ў яго сем зламаных рэбраў і сінякі па ўсім целе.

У далейшым адзін з рэйнджараў, які мае дачыненне да трагедыі, напісаў мемуары. Там ён сцвярджаў, што не датычны да забойства. Аднак не хаваў, што допыты падазроных рэгулярна суправаджаюцца катаваннямі.

У 2010 годзе ў нацыянальным парку "Бардзія", таксама ў Непале, рэйнджары застрэлілі трох чалавек: дзвюх дарослых жанчын і 12-гадовую дзяўчынку, якія збіралі кару.

Трэці выпадак, які раскрылі журналісты, адбыўся ў 2012 годзе зноў у парку "Чытван". Ахоўнік напаў на жанчыну, якая касіла траву. Ён збіў яе з ног, сарваў вопратку і паспрабаваў згвалтаваць. За супраціленне ахоўнік збіў жанчыну палкай да страты прытомнасці. Мужчына быў арыштаваны, але за яго заступіўся камітэт парка. На пацярпелую аказалі ціск і папрасілі не высоўваць абвінавачванні.

Журналісты заўважаюць, што ні ў адной гэтай справе не фігуруе непасрэдна WWF. Аднак фонд фінансаваў барацьбу з браканьерствам у кожным з нацыянальных паркаў, дзе ахоўнікі забівалі і нападалі на мясцовых жыхароў.

Інфарматары

Фонд арганізаваў і фінансаваў сетку інфарматараў сярод жыхароў вёсак. Ахоўнікі плацілі мясцовым, каб тыя дакладвалі пра браканьераў. На думку BuzzFeed, такая тактыка рызыкоўная для інфарматараў, чые жыцці могуць быць у небяспецы з-за даносаў, бо фонд не мае магчымасці абараніць іх.

Журналісты выявілі электронныя лісты і дакументы, якія паказваюць на актыўны ўдзел фонду ў стварэнні сеткі інфарматараў. Фонд плаціў за даныя пра браканьераў, даваў прэміі. Так, за канфіскаваную паляўнічую вінтоўку плацілі 170 долараў, а пастаянным інфарматарам нават плацілі зарплату. Мясцовыя жыхары не маглі паскардзіцца на дзейнасць WWF з-за складанасці бюракратычнай працэдуры.

WWF аплачваў ваенныя трэнінгі

Для барацьбы з браканьерамі, якія арудавалі на тэрыторыях паркаў, Фонд наймаў узброеныя фармаванні. На гэта траціліся мільёны долараў, атрыманыя ад спонсараў.

WWF аплачваў навучанне, жыллё для салдат, закупляў рознае абмундзіраванне і экіпіроўку, а таксама зброю. Акрамя таго, пастаўляў ім джыпы, грузавікі і лодкі.

Два былыя супрацоўнікі аднаго з паркаў у ЦАР, якім дапамагаў WWF, паведамілі, што фонд закупляў ежу і паліва для салдат, якія змагаюцца з браканьерствам, падчас грамадзянскай вайны ў краіне.

Адстрэл усіх нелегальных наведвальнікаў індыйскага нацыянальнага парка

У індыйскім нацыянальным парку "Казіранга" дырэктар загадаў адстрэльваць усіх нелегальных наведвальнікаў на ахоўнай тэрыторыі. Пад яго кіраўніцтвам рэйнджары забілі дзясяткі чалавек, сярод іх былі мясцовыя жыхары.

Фонд фінансаваў узброеныя рэйды на вёскі, дзе, паводле інфармацыі рэйнджараў, хаваліся браканьеры. Часцей за ўсё налёты праводзіліся ў суправаджэнні паліцыі, ноччу і з прымяненнем гвалту.

Ахоўнік парка "Казіранга" ананімна распавёў, што ў правілах было прапісана, што пры выяўленні браканьераў, рэйнджары павінны былі высочваць іх:

"Спачатку нам трэба было прадставіцца. Аднак калі браканьеры пачыналі страляць, то мы павінны былі іх забіць".

WWF правядзе ўласную праверку

Фонд афіцыйна заявіў, што правядзе незалежную праверку доказаў, сабраных выданнем: "Мы лічым сваім абавязкам разабрацца ў абвінавачваннях, вылучаных BuzzFeed".

У адказ на гэта BuzzFeed заявіў, што фонд не ўпершыню праводзіць уласныя расследаванні, аднак раней не знаходзіў парушэнняў і замоўчваў невыкананне правоў чалавека.

Напрыклад, у 2015 годзе фонд не апублікаваў справаздачу аб дзейнасці ў Камеруне, дзе катавалі і збівалі мясцовых. Ён пераклаў адказнасць за жорсткае абыходжанне з карэннымі народамі на дзяржаву.

Хоць былі і станоўчыя выпадкі. У 2018 годзе WWF правёў расследаванне групавога згвалтавання і забойства, здзейсненага ахоўнікамі ў Конга. Тады арганізацыя звольніла некалькіх супрацоўнікаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі