Сванідзэ: Масква прапанавала Лукашэнку стаць прэм’ерам аб’яднанай дзяржавы
Вядомы расійскі журналіст і грамадскі дзеяч Мікалай Сванідзэ ў праграме “Падзеі тыдня” на маскоўскай радыёстанцыі “Серебряный дождь” распавёў пра прапанову, якую Аляксандр Лукашэнка нібыта атрымаў ад кіраўніцтва Расіі. І спасылаецца на інфармацыю, якая прыйшла “з дастаткова высокіх сфер мінскіх”.
“Чуткі такія. Што ў рэчышчы гэтых перамоў расійска-беларускіх аб аб’яднанні працягваецца ўздзеянне разнастайнае з боку Масквы на Мінск, — расказвае Сванідзэ. — І прыйшла новая прапанова “бацьку” з нашага боку, ад Крамля. І там нібыта ідзе гандаль… А менавіта — што “бацька” будзе прэм’ер-міністрам аб’яднанай дзяржавы… Зроблена яму такая прапанова. Што ён будзе не генерал-губернатарам суб’екта федэрацыі пад назвай “Беларусь”, ці некалькіх суб’ектаў федэрацыі з такой назвай… Дэталі мне невядомыя. Чаму не прэзідэнтам?.. Калі аб’ядноўваюцца вялікі і маленькі, то натуральна кіраўнік вялікага становіцца галоўным… Прапануецца 6 гадоў. З моманту аб’яднання ўсё абнуляецца. У чым сэнс аб’яднання? Усё абнуляецца! Як мне сказалі, яму прапануецца на 6 гадоў стаць прэм’ер-міністрам. Але дзе 6, там і 12…
У гэтай прапановы ёсць свае мінусы. Сваёй наменклатуры што ён [Аляксандр Лукашэнка] можа гарантаваць, што ён можа гарантаваць свайму сыну Колі? Тым не менш, такая прапанова паступіла і яна цяпер сур’ёзна разглядаецца… Я гэта сур’ёзна разглядаю. Таму што гэта адзін з варыянтаў [для Уладзіміра Пуціна] вырашэння “праблемы 2024 года”. Не чакаючы 2024 года.
Робяцца прапановы. Усё больш, на наш погляд, прывабныя. Яны суправаджаюцца нейкімі абяцаннямі ўжо не такімі прывабнымі. Відаць, у выпадку адмовы ад гэтых прапаноў”.
У эфіры радыёстанцыі было агучана, што большасць беларусаў супраць аб’яднання з Расіяй, што моладзь арыентаваная на Захад. “Але вырашаць будзе “бацька”, — падкрэсліў Мікалай Сванідзэ.