Святаслаў Вакарчук "Брюссель"

120118 Agljadacha_0.mp3

Святаслаў Вакарчук перачакаў 2 гады пасля выдання свайго першага нашумелага сольніка “Вночі”, сабраў “кансіліум” з лепшымі музыкантамі Украіны і вырашыў выдаць другую несарамяжлівую пласцінку пад загадкавай назвай “Брусэль”.

На дробязі, што ўласціва Вакарчуку, музыкант і гэтым разам разменьвацца не стаў. Альбом запісалі за два тыдні на адной з лепшых студый бельгійскай сталіцы (дзе, дарэчы, пісалі і папярэдні сольнік “Вночі”). І вакал, і інструментальныя партыі запісвалі адначасова. А пасля, упершыню ў гісторыі Украіны зладзілі, онлайн-прэзентацыю праекта на канале YouTube.

Вакарчуку даўно было цесна ў межах "Океана Ельзи" і сольныя праекты для яго — дадатковая магчымасць рэалізаваць свае ідэі і пацешыць амбіцыі. З “Брусэлем” Святаслаў стварыў гэтакі “гурт мары”, запрасіўшы ў праект былых калег па "ОЕ" і лепшых музыкантаў Украіны. І вось наяве мы бачым за клавішамі Зміцера Шурава, экс-удзельніка "ОЕ", Сяргея Бабкіна на флейце, гітары і вакале, Максіма Малышава за барабанамі, а Пятра Чарняўскага (гітарыста "ОЕ") — у новым амплуа на бас-гітары. І сапраўды — хлопцы выдатна глядзяцца разам. 

Першай з кампазіцый праекта ў інтэрнэце з’явілася англамоўная "Airplane". І не паспелі мы памарыць, што Вакарчука і кампанію панесла ў фанкавыя далечыні, як выйшаў альбом і стала зразумела — украінскага фанку з задорным бэк-вакалам і флейтай у “Брусэлі” роўна адна песня.

1Airplane_0.mp3

Пабавіўшыся з джазам, басановай, складанымі музычнымі памерамі кшталту 7/8 і кантрабасам на дыску “Вночі”, у новым альбоме Вакарчук вырашыў спыніцца на больш звыклых і зразумелых мелодыях. У квінтэсенцыі гукаў “Брусэля” нібыта чуецца ўжо нешта даўно вядомае і знаёмае, а з-за гэтага — больш простае і зразумелае. Можа таму ўжо зараз пласцінка атрымала значна большую колькасць станоўчых водгукаў ад слухачоў, чым яе папярэдніца. І хоць Святаслаў у “Брусэлі” працягвае змешваць жанры, усё ж вырашае застацца верным правераным матывам. Тут праслухоўваюцца і павевы соўлу і блюзу, і народныя матывы, і традыцыйныя акіянаэльзаўскія мелодыі.

2Adrenalin_0.mp3

З кожным новым альбомам усё больш любіць Слава павольныя і тужлівыя кампазіцыі. Ім і аддадзеная перавага на альбоме. І хоць відавочнага “самотнага” хіта кшталту "Така як ты" з “Вночі” у “Брусэлі” бадай што няма, армія прыхільніц Вакарчука ўсё роўна не застанецца расчараванай — і гэтым разам ім будзе пад што “ўсплакнуць” — тут дастаткова балад, якія Вакарчука і кампанію яшчэ ніколі не падводзілі ("Сome to me baby", "Дощ", "Не плач", "В останній момент" ды інш.).

Да прыкладу — рэфлексійная “Заплети”. За сола ў ёй “спрачаецца” флейта Сяргея Бабкіна і Зміцер Шураў, які настолькі “душэўна” і аддана мучыць клавішы, нібыта грае гімн-эпітафію нядаўна пахаваным Esthetic Education (праекта Шурава і былога бас-гітарыста "ОЕ" Юрыя Хустачкі, які яны стварылі пасля сыходу з “Акіяну”).

3Zapleti_0.mp3

Кульмінацыяй альбома і самай спрэчнай яго кампазіцыяй з’яўляецца, бадай што, “Зелены чай”,напісаная і выкананая Сяргеем Бабкіным. Несумненна, што шмат хто назаве яе “не вакарчукоўскай” і менавіта таму такой іншай, далёкай ад агульнай стылістыкі альбома. І лепшай у “Брусэлі”. Не новая, але абсалютна свежая для праекта кампазіцыя супакойвае спружыністымі акордамі бас-гітары і рыпучым, цёплым вакалам Сяргея.

4Zelenichaj_0.mp3

Падчас праслухоўвання пласцінкі не пакідае адчуванне, што ты глядзіш фільм пра галоўнага героя альбома, дзе ўсе трэкі звязаныя паміж сабой, а кожная песня — ілюстрацыя пэўнай сцэны. Ёсць пачатак, развіццё, кульмінацыя і фінал — кампазіцыя “Де я”, якая была напісаная для апошняга альбома "ОЕ" і якая так і не ўвайшла ў яго.

5deja_0.mp3

Як і ў першым сольніку, тут Вакарчук спрабуе паглядзець на жыццё па-іншаму і шукае сябе. Але чагосьці не хапае: бездакорны “Брусэль” не такі інтымны, эмоцыі не б’юць у ім праз край, сэрца не шчыміць і не хочацца плакаць. Гэтакі альбом для доўгіх зімовых вечароў. 12 песень — 12 гісторый ад пяці таленавітых журботных мужчын.

Але ўсё ж у паспяховасці праекта не даводзіцца сумнявацца — такі залаты склад музыкантаў нельга не заўважыць. І на іх абавязкова будуць хадзіць людзі. Хоць і цалкам магчыма, што кожны — за сваім музыкантам: Бабкіным, Вакарчуком ці Шуравым.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі