Святлана Алексіевіч прэзентавала ў ЗША сваю кнігу “Час сэканд-хэнд”

Святлана Алексіевіч прэзентавала ў ЗША сваю кнігу “Час сэканд-хэнд”

Беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч, уладальніца Нобелеўскай прэміі па літаратуры, прэзентавала ў ЗША сваю кнігу “Час сэканд-хэнд”. Англійскі пераклад пятай часткі цыклу “Галасы Утопіі” выйшаў у амерыканскім выдавецтве “Random House”. Кніга “Час сэканд-хэнд” цягам некалькіх месяцаў знаходзіцца ў спісе бестсэлераў “Нью-Йорк таймс”, а продажы яе чацвёртага выдання дасягаюць 6-8 тысяч асобнікаў за тыдзень.

Па словах рэдактара выдання Сэма Нікалсана, англамоўныя чытачы ўжо мелі магчымасць пазнаёміцца з кнігамі “Чарнобыльская малітва” і “Цынкавыя хлопчыкі”. Цяпер пасля ўручэння Алексіевіч Нобелеўскай прэміі цікаўнасць да яе творчасці значна ўзрасла. Нікалсан назваў “Час сэканд-хэнд” універсальнай гісторыяй аб чалавечых лёсах, здольнай запоўніць прагалы ва ўяўленнях амерыканцаў пра краіны, якія некалі ўваходзілі ў Савецкі Саюз.

Цягам бліжэйшых двух год “Random House” плануе выдаць яшчэ дзве кнігі беларускай пісьменніцы: “У вайны не жаночае аблічча” і “Апошнія сведкі”.

Сама Святлана Алексіевіч у інтэрв’ю БелаПАН прызналася, што не чакала такога шалёнага поспеху за акіянам, хоць яе кнігі і раней займалі першыя радкі рэйтынгаў за мяжой. Пісьменніца тлумачыць гэты поспех цікавасцю да жанру дакументальна-мастацкай прозы, які мала прадстаўлены ў амерыканскай літаратуры.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі