Святлана Ціханоўская расказала, ці здымецца на карысць Віктара Бабарыкі
Святлана Ціханоўская дома ніколі не абмяркоўвала з мужам палітыку. Пра гэта прэтэндэнтка на прэзідэнцкую пасаду распавяла ў інтэрв'ю DW.
Па яе словах, палітыкай яна была вымушаная заняцца пасля затрымання мужа.
"Да таго моманту, як гэта не закранула Сяргея асабіста, я ставілася да Лукашэнкі не тое каб нейтральна, я проста бачыла, што простыя людзі жывуць горш. Разумееце, я ж краіну вывучала разам з Сяргеем, падчас яго паездак у рамках вядзення блога. І ў той момант, вядома, мой свет таксама пачынаў пераварочвацца — Сяргей расплюшчыў вочы, у тым ліку і мне, бо дома мы палітыку ніколі не абмяркоўвалі.
Калі пачаліся першыя пераследы і затрыманні мужа, я, натуральна, абурылася: як так, бо чалавек нічога дрэннага не робіць, проста ездзіць і мае зносіны з народам. Тады ў мяне з'явілася абурэнне, можа, не ў бок самога Аляксандра Рыгоравіча, а наогул гэтай сістэмы ў цэлым — калі цябе хапаюць, у нейкую машыну зацягваюць, вязуць кудысьці, а сваякі доўгі час не могуць зразумець, дзе ты", — падзялілся сваімі ўражаннямі жанчына.
Таксама Ціханоўская распавяла падрабязнасці таго, як яе дзецям пагражалі за яе далейшы ўдзел у выбарчай гонцы.
Па словах жанчыны, гэта ыдбалося ў першы дзень здачы подпісаў. Ёй затэлефанавалі з украінскага нумару. "Я не магу перадаць усю тэлефонную размову, але там былі такія словы: "Вам варта спыніць здачу подпісаў, інакш вас пасадзяць, а вашых дзяцей забяруць у дзіцячы дом". Я была ў ступары, паклала трубку. Пазней спрабавала ператэлефанаваць на гэты нумар, але ён быў недаступны", — кажа Ціханоўская.
Самым складаным у апошнія дні яна называе пастаяннае чаканне таго, што нешта здарыцца. "Я баялася пакідаць кватэру без нагляду, асабліва пасля ператрусу на лецішчы ў Сяргея", — прызнаецца жанчына.
Нагадаем, што на лецішчы ў Ціханоўскіх былі знойдзеныя 900 тысяч долараў у пакеце за канапай. Прычым знайшла іх толькі трэцяя група, якая праводзіла ператрус. Першыя дзве шукалі тамсама, але не знайшлі.
Ператрус адбыўся пасля таго, як Сяргея Ціханоўскага затрымалі на выбарчым пікеце ў Гродне пасля правакацыі. Цяпер на яго і яшчэ некалькіх чалавек пачалі крымінальную справу за падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
Святлана Ціханоўская адмаўляе, што гэтыя грошы належаць яе мужу: "Я магу выказаць здагадку, адкуль гэтыя грошы, але агучваць гэта не магу. Будзем чакаць, што нам скажа следства".
Яна адзначае, што пры затрыманні ў яе мужа быў заплечнік. дзе ляжалі ключы ад лецішча. "Калі вы можаце распараджацца асабістымі рэчамі затрыманых, то вы можаце рабіць гэта так, як вам заўгодна. Тут шмат пытанняў да таго, як гэтыя грошы трапілі на дачу. Я не магу казаць тое, што думаю, але мой пасыл зразумелы", — кажа яна.
Дарэчы, Сяргей Ціханоўскі да затрымання казаў, што не будзе рэгістравацца кандыдатам у прэзідэнты. Яго жонка, якая падала дакументы на рэгістрацыю, мяркуе, што ў цяперашняй сітуацыі і Сяргей мог памяняць сваё рашэнне.
Па яе словах, Ціханоўскі яшчэ да перадвыбарнай кампаніі спрабаваў скантактавацца з іншым цяперашнім прэтэндэнтам — Віктарам Бабарыкам.
"Я ведаю, што яшчэ да перадвыбарнай кампаніі Сяргей некалькі разоў прапаноўваў Віктару Бабарыку ўзяць у яго інтэрв'ю, але атрымліваў адмову. А калі народная Хваля пачала падымацца, і з'яўляецца Бабарыка — ну так, ён нібыта за нас і нават дапамогу прапаноўваў, калі нам нешта спатрэбіцца. Нічога супраць яго я не маю і разумею, што народная хваля абурэння ўзмацнілася пасля затрымання Бабарыкі", — распавядае Святлана.
Жанчына кажа, што часам задумвалася пра зняццё з выбараў і раілася са сваёй камандай, на чыю карысць гэта рабіць. "Але мне ўсе казалі не здымацца. Я думаю, гэта было б здрадай — у адносінах да Сяргея, перш за ўсё. Таму я не адважылася зняцца", — тлумачыць яна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.