Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў у сувязі з гадавінай падзей 2020-га
Святлана Ціханоўская / t.me/tsikhanouskaya
Лідарка дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў у сувязі з гадавінай выбараў 2020 года, якія паклалі пачатак масавым пратэстам супраць беззаконня і гвалту.
"Прайшло тры гады. За гэты час нас спрабавалі пазбавіць мары. Пазбавіць блізкіх. Свабоды. Радзімы. Пазбавіць незалежнасці. Мы прапусцілі праз сябе шмат болю, але не страцілі спагадлівасці. Мы адчулі нянавісць, але захавалі міласэрнасць. Мы прайшлі праз выпрабаванні, але загартаваныя вынеслі з іх новы вопыт. І працягваем рухацца", — сказала Святлана Ціханоўская.
Беларусы аказаліся ў вельмі цяжкай сітуацыі, і "з кожным новым выклікам усё складаней захоўваць цвёрдасць крокаў". Але па-ранейшаму ёсць выбар, лічыць лідарка беларускіх дэмакратычных сіл. Можна "абясцэніць зробленае за тры гады, расчаравацца ў сабе і ў сваёй нацыі", а можна "захаваць у памяці ўсе важныя моманты, зберагчы ў сэрцы тых, каго мы страцілі на гэтым шляху, і працягнуць ісці наперад".
9 жніўня 2020 года быў днём асноўнага галасавання на выбарах прэзідэнта Беларусі. ЦВК Аляксандра Лукашэнкі абвясціў, што Лукашэнка зноў перамог. Гэтым разам — з вынікам больш за 80%. Грэбаванне законамі, рэпрэсіі ў дачыненні да палітыкаў, якія таксама хацелі балатавацца на прэзідэнцкую пасаду, а таксама недавер да агучаных вынікаў вывелі на вуліцы вялікую колькасць людзей. Жорсткае здушэнне першых мітынгаў справакавала новую хвалю пратэстаў. Узяць пад кантроль сітуацыю Лукашэнка змог толькі з дапамогай яшчэ большага гвалту. І рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца дагэтуль.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.