Сяброўка жанчыны, якую збіў начальнік ДАІ: Ён не проста ехаў, а ляцеў, імчаўся

Сяброўка жанчыны, якую збіў начальнік ДАІ: Ён не проста ехаў, а ляцеў, імчаўся

“Вольга працавала сацыяльным работнікам, даглядала пажылых людзей, інвалідаў. Такі чалавек, што ўвогуле ні з кім ніколі не канфліктавала”, — плача ў тэлефонную трубку Алена, лепшая сяброўка загінулай.

Рэзананснае ДТЗ здарылася ў суботу 26 лістапада каля вёскі Дарава Ляхавічскага раёна. Вольга Стралкоўская выйшла з легкавога аўтамабіля, які спынілі інспектары ДАІ. Яе збіў іншы легкавік, якім кіраваў дзейны кіраўнік Баранавіцкага ДАІ, Андрэй Ваўкавыцкі. У яго крыві выявілі тры праміле алкаголю. Каб пазбавілі правоў, дастаткова было выпіць у дзесяць (!) разоў менш — 0,3 праміле.

У панядзелак 28 лістапада Вольгу адпелі ў Кафедральным саборы Слуцка. Жанчыне было 36 гадоў. Яна расціла дваіх дзяцей. Дачцэ — 16, сыну — 6.

“Я сама пакуль не разумею ўсяго, што адбылося. Іх спынілі інспектары ДАІ, у грамадзянскага мужа Вольгі не было правоў, — працягвае сяброўка загінулай. — Яна хацела папрасіць супрацоўнікаў, каб выбачылі, каб адпусцілі, таму што грошай не хапае, а дома двое дзяцей. І што такога больш не паўторыцца. Наколькі мне вядома са словаў яе грамадзянскага мужа, яе збілі менавіта на пешаходным пераходзе. Гэта бачылі супрацоўнікі ДАІ. Той, хто гэта зрабіў, не проста ехаў, а ляцеў, імчаўся…”

У той жа час старшы інспектар па асаблівых даручэннях упраўлення ДАІ МУС Ганна Банадык паведамляе, што жанчына пераходзіла дарогу па-за пешаходным пераходам.

Наезд здарыўся ў цёмны час сутак (блізу 20.50). Дагэтуль не вядома, ці прынялі інспектары ДАІ ўсе неабходныя меры, каб іх экіпаж на дарозе было добра бачна.

Следчы камітэт распачаў крымінальную справу за парушэнне правілаў у стане ап’янення, што пацягнула смерць чалавека (артыкул 317, частка 4 крымінальнага кодэкса). Падазраванага Ваўкавыцкага, хутчэй за ўсё, змесцяць у СІЗА. Зразумела, што з ДАІ яго звольняць.

Загінулую пахаваюць на радзіме ў Стоўбцах. Як кажуць яе сябры, Вольга падтрымлівала нармальныя адносіны яе былым мужам, таму дзеці, хутчэй за ўсё, застануцца з ім.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі