Сям'я Аляксандра Васілевіча ўжо некалькі тыдняў не атрымлівае ад яго лістоў
Аляксандр Васілевіч / Еўрарадыё
Апошнія два тыдні сям'я бізнэсоўца Алексаедра Васілевіча не атрымлівае ад яго лістоў. Хоць раней праблем з перапіскай не было, распавяла ў інтэрв'ю "Народнай волі" жонка Васілевіча Надзея Зелянкова.
Яна з дочкамі вымушаная была з'ехаць з краіны. Малодшая дзяўчынка нарадзілася, калі Васілевіч, саўладальнік рэкламнага холдынгу Vondel / Hepta, некалькіх папулярных сайтаў і галерэі "Ў", ужо быў у зняволенні.
Чаму няма лістоў, Надзея можа толькі здагадвацца.
"Нават і не ведаю, ці часовая гэта з’ява, але нейкага асаблівага стаўлення да мужа з боку адміністрацыі СІЗА не было", — кажа яна. Успамінае, што аднойчы ўжо была падобная сітуацыя: доўгі час не было ніводнага ліста, а потым прыйшлі адразу дзесяць.
"Я чамусьці думаю, што гэта звязана са здароўем цэнзараў: калі хварэюць, то няма каму чытаць", — выказала здагадку яна.
Аляксандр у апошні час таксама адчуваў сябе не вельмі добра. У яго балела горла, з'явіўся кашаль. Год таму ў яго быў COVID, "хваробу пераносіў досыць складана, а рэабілітацыя доўжылася некалькі месяцаў", успамінае Надзея. Але летам ён вакцынаваўся. Аднак выключаць паўторнага захворвання таксама нельга — у камеры зараз знаходзяцца 12 чалавек.
У пачатку верасня Васілевічу прад'явілі абвінавачванне. У чым менавіта яго абвінавачваюць, сям'я не ведае — з адваката ўзялі падпіску аб невыдаванні матэрыялаў следства. Надзея Зелянкова таксама праходзіць падазраванай па крымінальнай справе. У сярэдзіне кастрычніка Васілевічу працягнулі тэрмін зняволення пад вартай яшчэ на два месяцы — да 27 снежня. Такім чынам ён будзе знаходзіцца ў СІЗА 16 месяцаў. Аб судзе пакуль нічога не чуваць.
У жніўні 2018-га Аляксандр Васілевіч быў госцем Еўрарадыё.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.