Сярэдні заробак у Беларусі ў красавіку — меншы, чым у сакавіку

Сярэдні заробак у Беларусі ў красавіку — меншы, чым у сакавіку

Сярэдні заробак за сёлетні красавік у Беларусі склаў 921 рубель, інфармуе Белстат. Гэта на 12,7% больш, чым у красавіку 2017 года. 

Праўда, красавіцкія заробкі саступілі і сёлетнім сакавіцкім. Сярэдні заробак за сакавік быў 926,8 рубля.

Найбольшыя заробкі, як адзначае БЕЛТА, атрымліваюць жыхары Мінска 1 275,3 тысячы рублёў (109,5% у параўнанні з красавіком 2017 года). Жыхары Мінскай вобласці атрымалі 922 рублі (112,1%), Гомельскай — 836,1 рубля (114%), Брэсцкай — 794 рублі (114,6%), Гродзенскай — 794,6 рубля (114,4%), Віцебскай — 782,8 рубля (115%). Найменшыя заробкі атрымалі жыхары Магілёўшчыны — 775,7 рубля (113%).

Па сферах дзейнасці структура заробкаў не змянілася. Па-ранейшаму самыя высокія заробкі — у галіне інфармацыі і сувязі (2 647,7 рубля), паветраным транспарце (2 465,7 рубля), вытворчасці хімічных прадуктаў (1 676,1 рубля), коксу і прадуктаў нафтаперапрацоўкі (1 675,3 рубля). 

Найменшыя заробкі атрымліваюць у сельскай гаспадарцы (668,8 рубля ў раслінаводстве і 629,9 рубля ў жывёлагадоўлі), рыбалоўстве і рыбаводстве (618,3), вытворчасці тэкстыльных вырабаў, адзення, вырабаў са скуры і футра (661,6), па доглядзе ў спецыялізаваных установах і ў сферы сацыяльных паслуг (536,9), творчай дзейнасці і забаў (580,6), а таксама работнікі бібліятэк, архіваў, музеяў ды іншых устаноў культуры (521,8 ), цырульняў і салонаў прыгажосці (474,8).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі