Сяргей Калякін: Знос помніка Леніну не дадаў Еўрамайдану папулярнасці
На думку беларускага палітыка, знос помніка супярэчыць імкненню Украіны падпісаць пагадненне аб асацыяцыі з Еўрасаюзам.
Вандаламі і бандытамі называе тых, хто скінуў помнік Леніну ў Кіеве, лідар Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін:
Калякін: “Тыя, хто зносяць помнікі, пасля пачынаюць знішчаць іншадумцаў. Таму я да гэтага стаўлюся вельмі адмоўна, і лічу, што гэта ў вачах шмат каго з украінцаў не дадало папулярнасці арганізатарам Еўрамайдана. На маю думку, ім трэба ад гэтага як мага хутчэй адхрысціцца”.
На думку палітыка, знос помніка наўпрост супярэчыць імкненню Украіны падпісаць пагадненне аб асацыяцыі з Еўрасаюзам, бо “Еўрапейскі саюз не з’яўляецца зборышчам вандалаў”. “Там паважаюць законнасць і плюралізм. А гэта нічога агульнага не мае з дзеяннямі фашыствуючых баевікоў з аб’яднання “Свабода”, якія, наколькі я ведаю, былі арганізатарамі і выканаўцамі гэтага акта вандалізму”, — дадае Калякін.
Як паведамляла Еўрарадыё, 8 снежня 2013 года ў Кіеве дэманстранты скінулі з пастамента помнік Леніну на Бесарабскай плошчы. Маладыя людзі ў масках абматалі Ільіча вяроўкамі, зачапілі іх за дрэвы і пацягнулі. З другой спробы Ільіч ўніз галавой паваліўся з пастамента.
Фота — delfi.lt