У Мінску створаны аргкамітэт па стварэнні левай дэмакратычнай партыі
Аргкамітэту трэба знайсці 5 тысяч марксістаў
У Мінску створаны аргкамітэт па стварэнні левай дэмакратычнай партыі. Яе базавай ідэалогіяй будзе марксізм, паведамляе "Позірк".
Аргкамітэт узначалілі Сяргей Калякін, Сяргей Вазняк і Аляксандр Бухвостаў. Калякін быў кіраўніком Беларускай партыі левых "Справядлівы свет", якую сёлета ліквідаваў Вярхоўны суд. Вазняк уваходзіў у кіраўніцтва гэтай партыі. Бухвостаў — былы старшыня ліквідаванай Беларускай партыі працы. Палітыкі будуць гуртаваць "вакол аргкамітэта аднадумцаў". Як вядома, для рэгістрацыі ў РБ палітычнай партыі патрабуецца наяўнасць не менш за 5 тысяч сябраў.
Яшчэ восенню Сяргей Калякін прагназаваў, што "ў бліжэйшы час з'явіцца грамадзянская ініцыятыва па стварэнні новай палітычнай партыі, якая будзе выступаць за дэмакратычны і сацыялістыячны шлях развіцця дзяржавы і грамадства".
У 2023 годзе ў Беларусі рэжымам Аляксандра Лукашэнкі былі ліквідаваныя ўсе апазіцыйныя палітычныя партыі і нават некаторыя партыі, якія лічыліся праўладнымі, але ў сённяшніх умовах аказаліся непатрэбнымі. Цяпер легальна дзейнічаюць толькі "Белая Русь", Камуністычная партыі Беларусі, Ліберальна-дэмакратычная партыя і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.