На дзяржпрадпрыемствах прымушаюць уступаць у "Белую Русь" пад пагрозай звольніць

Беларусаў прымушаюць уступаць у праўладную партыю

Беларусаў прымушаюць уступаць у праўладную партыю / @rubanau_collage

У канцы лютага 2024 года ў Беларусі пройдуць выбары ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы. Дэмакратычныя сілы прапануюць беларусам байкатаваць гэтае мерапрыемства. Аднак чым яно бліжэйшае, тым больш цікавых падзей адбываецца вакол.

На гэтым тыдні Еўрарадыё атрымала як мінімум тры сігналы ад супрацоўнікаў беларускіх дзяржпрадпрыемстваў пра тое, што пад пагрозай звальнення іх прымушаюць уступаць у праўладную партыю “Белая Русь”.

 

“Што вы прыдумалі?”

Пад выглядам работніка аднаго з прадпрыемстваў, карэспандэнт Еўрарадыё патэлефанаваў у рэспубліканскі сакратарыят "Белай Русі" і высветліў, што рабіць, калі не хочаш нікуды ўступаць, але цябе прымушаюць.

Па тэлефоне журналісту паведамілі, што быць сябрам партыі ці не быць — жаданне добраахвотнае. Жанчына на тым канцы дроту шчыра здзівілася (ці зрабіла выгляд) словам пра тое, што ідэолагі могуць намякаць на звальненне, калі чалавек адмаўляецца ўступаць у партыю.

— Гэта якое прадпрыемства такое? Гэта Мінск? Нічога сабе. Ну, намякаць можна ўсё што заўгодна, але вы можаце казаць, што кансультаваліся з рэспубліканскім сакратарыятам. Іх пагрозы ніякай юрыдычнай глебы пад сабой не маюць, — сказала прадстаўніца партыі.

На пытанне, што рабіць, калі ўсё ж дойдзе да якога-небудзь разбіральніцтва, супрацоўніца "Белай Русі" адрэагавала эмацыйна.

— Ды ну я вас прашу, нікуды гэта справа не дойдзе! Што вы прыдумалі? Шчыра кажучы, у нас не было такіх прэцэдэнтаў, што аж прымушаюць чалавека. Быць сябрам грамадзянскай супольнасці — добраахвотнае жаданне! Я думаю, вы перабольшваеце, такога не магло быць.

У канцы размовы яна запэўніла, што ў "Белай Русі" ніхто ніколі не ставіў мэты сілай заганяць людзей.

Але ў нас на гэты конт трохі іншыя звесткі. Вось што паведаміла адна з нашых крыніц.

— Усіх ІТР прымушаюць уступаць у" Белую Русь", тых, хто адмовіўся, абяцаюць звольніць, — расказаў супрацоўнік аднаго з дзяржпрадпрыемстваў.

Можа, наш журналіст размаўляў з прадстаўніцай нейкай іншай "Белай Русі"? Наўрад.

 

“Незадзейнічаных людзей быць не мусіць”

Выслухаўшы аргументы афіцыйных прадстаўнікоў партыі, Еўрарадыё спытала ў палітычных экспертаў, з чым менавіта могуць быць звязаныя паведамленні грамадзян пра прымусовае ўступленне. 

Фрыдман, як і Карбалевіч, лічыць, што рэжым Лукашэнкі паступова ператвараецца з аўтарытарнага ў таталітарны.

— Асаблівасць таталітарызму - у татальным кантролі над грамадствам. Тыя нішы, якія знаходзяцца па-за ціскам рэжыму, павінныя пад гэты ціск трапіць.

Паводле Фрыдмана, цяпер у беларускай палітычнай сістэме ідзе трансфармацыя, у якой партыі будуць адыгрываць больш важкую ролю.

— У гэтай сістэме больш будзе дэлегавана часткам апарату, а персона Лукашэнкі ў канкрэтным кіраванні можа адысці на другі план. Ён паступова будзе сыходзіць, але захоўваць пры гэтым рычагі кантролю. І ў такой сітуацыі неабходныя такія інстытуты, як партыі і прафсаюзы.

Эксперт думае, што пагрозы звальнення могуць ісці ад канкрэтных асоб, якія хочуць праявіць сябе і выслужыцца ў надзеі на кар'ернае прасоўванне.

— У сённяшняй беларускай дыктатуры шмат самастойнасці. Зверху даюць задачы, а як гэтыя задачы вырашаюцца — гэта ўжо справа выканаўцаў. Іншае пытанне, ці будуць гэтыя людзі рэальна задзейнічаныя ў жыцці партыі. Магчыма, калі б яны прыцягвалі людзей нейкімі адчувальнымі перавагамі, то многія, безумоўна, уступалі б туды па добрай волі. Чаму праект БРСМ аказаўся настолькі няўдалым? Таму што не прапаноўваў нічога наўзамен, а людзі пры гэтым плацілі сяброўскія складкі.

Таксама тэндэнцыя загону ў партыю, на яго думку, можа быць звязаная з блізкімі парламенцкімі выбарамі.

— Безумоўна, калі партыйным кандыдатам неабходна будзе рабіць рэкламу, хадзіць за іх агітаваць, то гэта можа быць выкарыстана. Але ў цэлым мне так не здаецца, усё роўна прызначаць тых, каго трэба.

***

Калі вам пагражалі звальненнем за адмову ўступіць у партыю "Белая Русь", паведаміце нам пра гэта. Пішыце на [email protected]

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі