Супраць Дзмітрыя Кучука распачалі крымінальную справу
Дзмітрый Кучук
Супраць кіраўніка ліквідаванай Беларускай партыі "Зялёныя" Дзмітрыя Кучука распачалі крымінальную справу. Яго абвінавачваюць па артыкуле "Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх" (арт. 342 КК), піша @parlamentbel.
Кучука затрымалі 16 лютага ў Мінску пры спробе ўскласці кветкі каля пасольства Расіі ў дзень гібелі Аляксея Навальнага. Спачатку быў адміністрацыйны арышт, а пасля ўзнікла крымінальная справа.
"Адпрацаваная схема, — кажа дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве і канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька. — Кідаюць на Акрэсціна па адміністратыўнай справе і ліхаманкава шукаюць мінімальныя, фармальныя падставы для ўзбуджэння крымінальнай справы. Зміцер нерваваў сілавікоў. Ён не з’ехаў. Ён не зачыніўся ў каморы. Спрабаваў зарэгістравацца падчас кампаніі “БЯЗВЫБАРЫ”, рабіў намаганні распачаць кампанію па зборы подпісаў за вызваленне палітвязняў. У яго было адчуванне вінаватасці перад тымі, хто за кратамі".
Летась Дзмітрыя Кучука не зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Падставай для адмовы стала абдрукоўка ў дакументах.
Беларуская партыя "Зялёныя" ў 2020 годзе адмовілася ад удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах. У лютым 2022-га яе кіраўнік ад імя партыі асудзіў напад Расіі на Украіну. Мінюст РБ у 2023-м прапаноўваў "Зялёным" самаліквідавацца. Яны не пагадзіліся. Партыйны з'езд быў запланаваны на студзень 2024-га, на якім і збіраліся разгледзець прапанову чыноўнікаў. Апошніх такі варыянт не задаволіў. Яны ініцыявалі ліквідацыю апазіцыйнай партыі праз суд.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.