Мінюст падаў у Вярхоўны суд іск аб ліквідацыі Беларускай партыі "Зялёныя"

Дзмітрый Кучук / facebook.com
Дзмітрый Кучук / facebook.com

Мінюст падаў у Вярхоўны суд іск аб ліквідацыі Беларускай партыі "Зялёныя". Пра гэта "Народнай волі" паведаміў яе старшыня Дзмітрый Кучук. Паводле яго слоў, Вярхоўны суд распачаў па іску грамадзянскую справу. Кучука запрасілі туды з'явіцца 17 ліпеня "ў парадку падрыхтоўкі справы да судовага разбіральніцтва".

Раней Беларускай партыі "Зялёныя" было адмоўлена ў перарэгістрацыі. Мінюст прапанаваў ёй самаліквідавацца. Аднак партыйны з'езд быў запланаваны на студзень 2024-га, у парадак дня якога і збіраліся ўнесці згаданае пытанне. Чыноўнікаў такі варыянт не задаволіў.

У Беларусі існавалі 15 палітычных партый. Аднак рэжым Аляксандра Лукашэнкі вырашыў "зачысціць" апазіцыйныя партыі, для чаго арганізавалі "перарэгістрацыю". На сённяшні дзень пасведчанні атрымалі Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі, Камуністычная партыя Беларусі, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці. Зарэгістраваная і новая праўладная партыя — "Белая Русь". Апазіцыйныя партыі перарэгістрацыю не прайшлі ці ўвогуле не падавалі ў Мінюст дакументы. Міністр юстыцыі Сяргей Хаменка яшчэ ў лютым 2023-га "прадбачыў", што "колькасць партый зменшыцца да 3-4". 

Беларуская партыя "Зялёныя" ў 2020 годзе адмовілася ад удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах. У лютым 2022-га яе кіраўнік ад імя партыі асудзіў напад Расіі на Украіну.

Сярод паўтары тысячы беларускіх палітвязняў ёсць і кіраўнік Партыі БНФ Рыгор Кастусёў і лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі