У Мінюсце выказалі здагадку, колькі ў РБ застанецца партый пасля перарэгістрацыі
Колькасць партый у Беларусі пасля перарэгістрацыі скароціцца ў разы / ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Колькасць палітычных партый у Беларусі пасля перарэгістрацыі скароціцца разоў у пяць, выказаў меркаванне міністр юстыцыі Беларусі Сяргей Хаменка ў эфіры АНТ. "Мяркую, што колькасць партый зменшыцца да 3-4", — сказаў ён. Цяпер у краіне існуе 15 партый. Хаменка таксама нагадаў, што новы закон аб партыях робіць больш жорсткімі ўмовы іх стварэння і працы.
"Партыя не можа быць PR-арганізацыяй, шыльдай. Партыя павінна быць грамадскай структурай, якая робіць намаганні дзеля развіцця нашага грамадства і дзяржавы", — мяркуе чыноўнік. Хаменка таксама заявіў, што "ўсе партыі павінны падтрымліваць канстытуцыйны лад, не павінны прапагандаваць тэрарызм, экстрэмізм, не павінны працаваць на падрыў таго грамадства, якое ёсць у Рэспубліцы Беларусь". Акрамя таго, цяпер для стварэння партыі трэба не менш за 5 тысяч чалавек, а арганізацыйныя структуры павінны працаваць ва ўсіх рэгіёнах краіны (ва ўсіх абласных цэнтрах і ў Мінску). І ў кожным з рэгіёнаў павінна быць не менш за 100 сябраў гэтай партыі.
Былы кіраўнік Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька параіў старшыням партый не гуляць у напарсткі з беларускім рэжымам і не займацца перарэгістрацыяй, "не даваць ніякіх "расстрэльных спісаў" гэтаму рэжыму, што не спыняе рэпрэсій, якія канвеерам ідуць два гады". А выканальнік абавязкаў старшыні АГП Уладзімір Шанцаў заявіў, што яго партыя гатовая да ліквідацыі. Ён не бачыць магчымасці для яе дзейнасці ў новых умовах. Нагадаем, кіраўнік АГП Мікалай Казлоў і кіраўнік партыі БНФ Рыгор Кастусёў знаходзяцца ў зняволенні. Праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.