Сяргей Стрыбульскі: За кратамі багата цікавых людзей, асабліва ў СІЗА КДБ

Сяргей Стрыбульскі: За кратамі багата цікавых людзей, асабліва ў СІЗА КДБ

27 чэрвеня ўвечары з мінскай турмы на Валадарскага выходзяць трое фігурантаў “справы патрыётаў”: гісторыкі Алесь Зімніцкі і Уладзімір Фёдараў, а таксама Сяргей Стрыбульскі.

Цяпер Сяргей спрабуе аднавіць свой тэлефон, які быў канфіскаваны падчас затрымання, а таксама адшукаць працу, якую страціў за час знаходжання за кратамі. Яго затрымалі 21 сакавіка і адразу ж выставілі абвінавачванне — “падрыхтоўка масавых беспарадкаў”. Пра затрыманне, жыццё за кратамі і абвінавачванні Сяргей Стрыбульскі распавядае ў размове з Еўрарадыё.

Еўрарадыё: Як вас затрымлівалі, можаце прыгадаць?

Сяргей Стрыбульскі: Я выходзіў з крамы, набеглі людзі, паклалі на зямлю, надзелі кайданкі. Калі затрымлівалі, ужывалі фізічную сілу, але падчас затрымання гэта нармальна.

Еўрарадыё: Шмат казалі пра ўжыванне фізічнага ціску ў дачыненні да фігурантаў гэтай справы…

Сяргей Стрыбульскі: У дачыненні да мяне ў СІЗА ніякай сілы не ўжывалася. Ніякіх катаванняў таксама не было.

Еўрарадыё: Затрыманне было нечаканым? Ёсць здагадкі, чаму менавіта вы?

Сяргей Стрыбульскі: Мне адразу выставілі абвінавачванне па прыездзе дадому, дзе праводзіўся ператрус. Гэта гучала як “падрыхтоўка масавых беспарадкаў”. Знайшлі камуфляжнае адзенне, бо я займаўся страйкболам, спартовым арыентаваннем. Таму, напэўна, узніклі пытанні. Але ж у гэтым нічога такога няма… Можа, таму, што я браў удзел у акцыях каля КДБ, недзе там са сцягам пастаяў. У такім накірунку я думаў. Да “Белага легіёна” я не маю дачынення, ды яго і не існуе ўжо. Можа, ужо калі жартам ставіцца, то цяпер варта прыняць мяне ў “Белы легіён”. Я нават большасць тых, каго таксама затрымалі, не ведаю.

Еўрарадыё: Некалькі месяцаў за кратамі, што цяпер з працай?

Сяргей Стрыбульскі: Вядома, праца страчаная, нейкія іншыя складанасці. Трэба нумар тэлефона аднаўляць, таксама ж пазабіралі планшэты і тэлефоны.

Еўрарадыё: Як адбывалася само вызваленне?

Сяргей Стрыбульскі: Вельмі нечакана. З прагулкі мяне запрасілі падысці ў адміністрацыйны аддзел. Там мяне азнаёмілі з тым, што мяне вызваляюць пад падпіску, без адваката, без анічога. Праз паўтары гадзіны я выйшаў, на выхадзе пазнаёміўся з Алесем Зімніцкім.

Еўрарадыё: На здароўе не паўплывала ўся гэтая гісторыя? Наогул, як умовы былі?

Сяргей Стрыбульскі: Я спрабаваў за кратамі весці здаровы лад жыцця. Ужываў менш цукру, рабіў практыкаванні на прагулцы. Адвакат мяне наведваў два разы на месяц. Я быў спачатку ў СІЗА КДБ, пасля ― на Валадарскага. Не магу сказаць, што недзе лепш, а недзе горш. Паўсюль свае мінусы і плюсы. Там многа цікавых людзей, асабліва ў СІЗА КДБ. Але асабліва вядомых людзей я там не сустракаў.

Еўрарадыё: І што цяпер са справай, з абвінавачваннямі?

Сяргей Стрыбульскі: У мяне засталося адно абвінавачванне “стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання”. Я пад падпіскай аб нявыездзе, падпіскі аб неразгалошванні няма. Маё асабістае меркаванне, што людзей будуць патроху адпускаць.

Сяргей Стрыбульскі скончыў факультэт сацыяльных тэхналогій БДУ, атрымаў спецыяльнасць псіхолаг і сацыяльны работнік. Займаўся будаўнічымі працамі, працаваў кухарам, сябра партыі БНФ і Руху “За свабоду”. 17 траўня Сяргей сустрэў свой 41-ы Дзень нараджэння за кратамі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі