Сын кіроўцы, асуджанага на 5 гадоў, не згодны з прысудам
Сын 55-гадовага Віталя Мычко, асуджанага на 5 гадоў за смяротнае ДТЗ ля гандлёвага цэнтра “Замак” у Мінску, пракаментаваў рашэнне суда:
“Я не згодны з такім прысудам. Хутчэй за ўсё будзем падаваць апеляцыю”, — сказаў Еўрарадыё Яўген Мычко.
Трагічнае здарэнне адбылося 2 снежня 2017 года на праспекце Пераможцаў у Мінску. У грузавіка ЗІЛ адмовілі тармазы, і ён наехаў на групу пешаходаў, якія пераходзілі вуліцу на зялёны сігнал святлафора.
На месцы ад атрыманых траўмаў загінула 11-гадовая дзяўчынка, пацярпелі 4 чалавекі (сярод іх — 7-гадовы брат дзяўчынкі і яе 56-гадовая бабуля). Высветлілася, што машына не праходзіла тэхагляд. Па словах кіроўцы, на гэта ў яго не было грошай. У судзе ён цалкам прызнаў сваю віну, але ўсё роўна атрымаў максімальны прысуд.
Між іншага, з сына асуджанага кіроўцы на карысць пацярпелых спагнана 20 тысяч рублёў у якасці маральнай кампенсацыі. Паводле рашэння суда, Віталя Мычко на 5 гадоў пазбавілі права кіраваць транспартнымі сродкамі. Тэрмін зняволення ён правядзе ў калоніі агульнага рэжыму.
Што будзе з грузавіком, які наехаў на людзей каля ГЦ “Замак” у Мінску, Яўген Мычко пакуль не ведае. Як і таго, што далей будзе з гэтым бізнесам па грузаперавозках.