Сёлета ў сталіцы заключылі 1300 шлюбных кантрактаў
Нярэдка дакумент афармляюць напярэдадні разводу.
Каля 1300 шлюбных кантрактаў заключаныя ў Мінску за 10 месяцаў бягучага года. Пра гэта агенцтву "Мінск-Навіны" паведамілі ў першай Мінскай гарадской натарыяльнай канторы.
Паводле статыстыкі, у сталіцы такіх дакументаў штогод становіцца ўсё больш (у 2009 годзе — 1019, у 2012-м — 1040, у 2013-м — 1066). У шлюбнай дамове агаворваюцца пытанні ўзаемаадносін паміж мужам і жонкай, а таксама бацькамі і дзецьмі як маёмаснага, так і немаёмаснага характару. Напрыклад, парадак нясення сямейных выдаткаў, правы і абавязкі па ўзаемным утрыманні, пытанні выхавання дзяцей, запланаваныя на будучыню пакупкі.
У дакуменце часам вызначаецца нават кампенсацыя маральнай шкоды ў выпадку здрады. Шлюбную дамову заключаюць як людзі, якія ўступаюць у шлюб, так і тыя, хто даўно жанаты. Нярэдка яе афармляюць нават напярэдадні разводу.
Фота — minsknews.by