Сёлетнія абітурыенты мараць пра ўласныя фірмы і кіруючыя пасады

На эколагаў ідуць, каб займацца перапрацоўкай нафты, а на юрыста, каб адкрыць сваю справу. Еўрарадыё пагаварыла з абітурыентамі пра іх будучыя прафесіі.

Напрыканцы рэгістрацыі на цэнтралізаванае тэставанне Еўрарадыё апытала абітурыентаў, пра якія прафесіі яны мараць і кім сябе бачаць праз 5 гадоў навучання.

Дар’я, выпускніца мінскай школы. Хоча быць рэдактарам:

“Я збіраюся паступаць на філалагічны факультэт БДУ. Тут рэгістравалася на гісторыю Беларусі і рускую мову. Хутчэй за ўсё, я буду рэдагаваць тэксты на камп’ютары, правяраць на арфаграфію і пісьменнасць. Фактычна, збіраюся быць рэдактарам. Мне добра даюцца руская і англійская мовы. Іду на рускую філалогію”.

Арсеній, выпускнік мінскай школы. Марыць працаваць у турызме.

Буду паступаць на гістарычны факультэт. Там ёсць спецыяльнасць “Культурная спадчына і турызм”, бо хачу звязаць сваё жыццё з турызмам, вазіць людзей куды-небудзь ці адкрыць сваю фірму, якая б займалася турызмам”.

Ліза, выпускніца Юрыдычнага каледжа, ідзе далей на юрыдычны факультэт. Збіраецца адкрываць сваю фірму:

“Іду на спецыяльнасць “Правазнаўства”. Паступаю адразу на 2 курс. Яшчэ з 9 класа абрала гэту спецыяльнасць. Спадзяюся, што стану юрыстам, пабудую свой бізнес, сваю невялічкую фірму”.

Кацярына ідзе ў Акадэмію МУС, але на дзяржслужбу не хоча.

“Хочацца адкрыць сваю фірму, не ахоўную, не юрыдычную. Хутчэй, нейкае грамадскае харчаванне”.

Алена ідзе ў вялікі спорт. Займаецца стральбой і паступае ў Фізкультурны на лыжную і палявую стральбу.

“Я кандыдат у майстры спорту, хачу гэтым займацца і далей. Вырашыла так яшчэ 3 гады таму, бо даўно займаюся. Праз пяць гадоў, можа, буду трэнерам ці спартыўным псіхолагам, пакуль не ведаю”.

Дзмітрый пасля Сувораўскай вучэльні паступае на Вайсковы факультэт БДУ. У прафесіі не сумняваецца і хоча больш працаваць з камп’ютарам на будучай службе.

“Я даўно так спланаваў, праблем з вызначэннем не было. Праз 5 гадоў бачу сябе на службе, але больш, відаць, буду з камп’ютарам працаваць на сваім працоўным месцы. Можа, буду людзьмі кіраваць. Здаваў рэпетыцыйнае тэставанне, здаецца, праходжу”.

Арсеній ідзе вучыцца на пракурора ці суддзю ў Інстытут правазнаўства. Марыць працаваць следчым ці пракурорам.

“Я вучыўся ў Мінскім гандлёвым каледжы на спецыяльнасці “Правазнаўства”. Цяпер можна паступіць на скарочаную форму навучання. Пасля вучобы паглядзім, куды возьмуць. Іду на судова-пракурорскую следчую дзейнасць. Спадзяюся, пасля возьмуць па спецыяльнасці”.

Сяргей паступае пасля мінскай школы на інжынера-эколага ва ўніверсітэт імя Сахарава. Хоча працаваць у Наваполацку, на нафтаапрацоўцы.

“Абраў спецыяльнасць тыдзень таму. Пачытаў пра спецыяльнасць і мне спадабалася. Мяркую, што пайду ў кампанію, напрыклад у Наваполацк. Тэставаць там асяроддзе на забруджванне”.

Пра тое, ці ўдасца нашы героям паступіць ва ўніверсітэты, мы даведаемся ўжо праз месяц.

Фота: theexeterdaily.co.uk

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі