Сёння пад Гомелем пахаваюць загінулага ў Кіеве Міхаіла Жызнеўскага

У нядзелю з Жызнеўскім, як з героем, развіталіся тысячы жыхароў украінскай сталіцы. Маці Міхаіла Жызнеўскага Ніна Васільеўна сама не паехала ва Украіну з прычыны кепскага здароўя.



Міхаіла Жызнеўскага пахаваюць на вясковых могілках у паселішчы Сцяг Працы, што пад Гомелем, інфармуе БелаПАН.



Нагадаем, Жызнеўскі трагічна загінуў 22 студзеня падчас сутыкненняў паміж пратэстоўцамі і спецназам на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве. Куля трапіла яму проста ў сэрца. Дагэтуль невядома, кім ён быў забіты.
 

Труну з целам Міхаіла Жызнеўскага пранеслі па цэнтры Кіева (фотарэпартаж)
 

***

Ніна Жызнеўская ў гутарцы з БелаПАН кажа, што ў маленстве Міша часта бываў у яе роднай вёсцы Сцяг Працы. Да школы ён там, па сутнасці, гадаваўся — у бацькоў Ніны Васільеўны.



"Там Міша малым бегаў, рос у вёсцы. Цётка ў яго ў вёсцы засталася. Бацькі мае памерлі — і мама, і тата, там пахаваны. У мяне там усе карані пахаваныя. І дзядуля з бабуляй — усе там", — сказала маці Міхаіла.



Яна кажа, што апошні раз размаўляла з сынам па тэлефоне ў снежні — ён абяцаў вярнуцца з Украіны дамоў.


"Казаў: "Мама, я прыеду дамоў". Я яму: "Сынок, дзеля бога, прыязджай!" Я слабая, "села" на ногі — хадзіць не магу, сэрца хворае. Потым мне мая сяброўка Таня — яна ведала, што Міша ў Кіеве, — сказала пра Майдан. Нават яна падумала: "Госпадзі, хоць бы туды Мішка не пайшоў". А ў мяне, як толькі Таня сказала, закралася думка: ён жа туды пойдзе! Людскі боль, калі чалавеку балюча, Міша перажываў. Ён імкнуўся кожнаму чалавеку дапамагчы, наколькі сілы дазвалялі гэта зрабіць", — распавяла Ніна Васільеўна.



У гомельскай школе № 4, дзе Міхаіл вучыўся з 1-га па 9-ты клас, адзначалі ў характарыстыцы, што ён вучань "спагадлівы, цікаўны", "добра размаўляе, шмат чытае", "праблемных сітуацый не ствараў, захапляўся спортам".



Навучанне ў 10-м класе з ваенным ухілам ён вырашыў працягваць у 15-й сярэдняй школе — кіламетры за чатыры ад дому, на самым ускрайку Навабеліцы.



Былы выкладчык ваеннай падрыхтоўкі гэтай школы сказаў, што слаба прыгадвае Мішу, бо вучыўся той у 15-й школе толькі год. "Гэта ж прайшло амаль дзесяць гадоў. Ён такі ціхі, незаўважны быў. Звычайна, калі хтосьці вельмі шустры, тых запамінаеш надоўга. А яго я слаба памятаю. Ціхі хлопчык. Была ў класе пачатковая ваенная падрыхтоўка, як яна была і ў савецкі час. Была страявая падрыхтоўка, а што да стральбы, то ў ДТСААФ яны ездзілі", — распавёў ён.



Пакуль ніводная школа, дзе вучыўся Міхаіл Жызнеўскі, не адгукнулася на трагедыю. Толькі грамадскія актывісты Гомеля і іншых рэгіёнаў выказваюць спачуванні сям`і забітага абаронцы Майдану. Яны ж збіраюць сродкі на пахаванне.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі