"Сёння пахавалі, а знайшлі ўчора": падрабязнасці смерці міліцыянера пад Рэчыцай
Іван Яфімчык / З асабістай старонкі загінулага
У вёсцы Холмеч у Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласці быў знойдзены мёртвым 36-гадовы міліцыянер Іван Яфімчык. Ён працаваў у Дэпартаменце аховы МУС у Рэчыцы. Мужчыну знайшлі на наступны дзень пасля смерці бацькі. Бацьку Івана Анатолю Яфімчыку было 70 гадоў, у яго былі сур'ёзныя праблемы са здароўем — цяжка хварэў на дыябет.
"Іван працаваў у Дэпартаменце аховы. Знайшлі яго каля ракі, на лузе. Муж прыехаў з пахавання і кажа, што сваякі маўчаць, ён пабыў там і пайшоў. Сёння ўжо пахавалі. А знайшлі ўчора", — расказвае Еўрарадыё сваячка Івана Алена Яфімчык.
Па словах Алены, Іван быў чалавекам добрым, гаспадарным, дапамагаў бацькам:
"Такі хлопец быў добры, гаспадарны. Што там магло адбыцца? Добры быў хлопец. Гаспадаркай займаўся. Глядзеў, дапамагаў бацькам. Бацька хварэў, у яго цукровы дыябет і высокі ціск быў, ён з дому практычна не выходзіў. Як так магло адбыцца?.."
У Івана засталіся маці і сястра. Падрабязнасці таго, што адбылося, яны не расказваюць нават сваякам:
"Гэта сваякі майго мужа. Не зусім блізкія. Мы яшчэ толкам самі нічога не ведаем. Учора толькі даведаліся. Што канкрэтна там адбылося, я не ведаю. Чуткі чулі вядома, у вёсцы з гэтым хутка. Што нешта ў сям'і адбылося. Але яны нічога не гавораць. Я не была на пахаванні. Муж быў, але яны яму нічога не сказалі. Мама і сястра маўчаць, і ўсё", — расказвае Алена.
Анатоля і Івана Яфімчыкаў пахавалі на вясковых могілках у Холмечы.
Следчы камітэт паведаміў, што Іван Яфімчык скончыў жыццё самагубствам з-за смерці бацькі. Устанаўліваюцца абставіны здарэння.