Сёння ў Беларусі адзначаецца Дзень Канстытуцыі
Асноўны закон краіны быў прыняты 21 год таму, у 1994-м.
Першая Канстытуцыя Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі была прынятая на І з’ездзе Саветаў Беларусі 3 лютага 1919 года. У ёй была замацаваная ідэя дыктатуры пралетарыяту. Пазней гэтая Канстытуцыя двойчы мянялася — у 1927 і ў 1978 годзе.
27 ліпеня 1990 году была прынятая Дэкларацыя Вярхоўнага Савету “Аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь”. Дэкларацыя абвясціла “поўны дзяржаўны суверэнітэт Рэспублікі Беларусь як вяршэнства, самастойнасць і паўнату дзяржаўнай улады рэспублікі ў межах яе тэрыторыі, правамоцнасць яе законаў, незалежнасць рэспублікі ў знешніх стасунках”. 25 жніўня 1991 года Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце надалі статус канстытуцыйнага закону. На яе падставе былі зробленыя змены і дапаўненні ў Канстытуцыю 1978 года.
Новая Канстытуцыя незалежнай Беларусі была прынятая 15 сакавіка 1994 года. Асноўны Закон краіны складаецца з прэамбулы, 9 частак, у якіх 8 раздзелаў і 146 артыкулаў.
24 лістапада 1996 года па выніках рэферэндуму ў Канстытуцыю Беларусі былі ўнесеныя дапаўненні. А 17 кастрычніка 2004 года праз рэферэндум з Канстытуцыі прыбралі палажэнне, якое абмяжоўвала права адной асобы выбірацца прэзідэнтам болей чым на два тэрміны запар.
Фота — 90s.by